Прогноз погоды
Вс, 08 февраля 2026

Надежда Смехович уже 37 лет не представляет своей жизни без стен Дивинского детского сада

26/10/2015

Намеснік загадчыцы Дзівінскага дзіцячага садка Надзея Смяховіч ужо 37 гадоў не ўяўляе свайго жыцця без дзіцячага гоману, невыразнага лепету дзетак з ясельнай групы, ды проста без сцен садка.
- Я з дзяцінства марыла быць настаўніцай, - дзеліцца сваімі ўспамінамі Надзея Васільеўна, - усё лялек “вучыла”. У старэйшых класах захапілася замежнымі мовамі. Але старэйшая сястра адгаварыла ад паступлення ў педагагічную ВНУ.
Пасля заканчэння школы наша гераіня адправілася ў Брэст, пахадзіла па вучылішчах ды тэхнікумах – на сэрца нічога так і не лягло. Прыехала ні з чым, а каб год не прапаў дарэмна, пайшла працаваць у дзіцячы садок.
- Тады катастрафічна не хапала выхавальнікаў, спачатку была нянечкай, пасля паставілі на ясельную групу, - расказвае Надзея Васільеўна. - Мне вельмі падабалася з маленькімі дзецьмі. Так і зразумела – гэта мая справа. Паступіла ў Пінск на паскораны аднагадовы курс выхавальніка, пасля – у Брэсцкі педагагічны інстытут.
Да 2000 года Надзея Смяховіч працавала выхавальнікам. Больш за ўсё ёй падабалася ў ясельных групах.
- Такім дзеткам цяжка выгаварыць імёны выхавальнікаў, як жа яны спраўляюцца? – пытаюся з усмешкай.
- Ой, бывае па-рознаму. Хто цёцяй кліча, а хто і мамай называе, - адказвае мая субяседніца.
Зараз Надзея Васільеўна займаецца метадычнай работай – наведвае заняткі, праводзіць семінары і педсаветы.
- Я раблю гэта  не для таго, каб знайсці нейкія недахопы, а хутчэй, каб дапамагчы, падказаць, тым больш, што калектыў у нас малады, - адзначае яна.
Кожную раніцу, калі малышы ідуць на зарадку, кожны абавязкова загляне ў кабінет да Надзеі Васільеўны і павітаецца, а сама яна часта замяняе калег, асабліва любіць гэта рабіць у ясельках.
На жаль, колькасць дзетак зніжаецца, у пяці групах цяпер налічваецца 91 чалавек, а трыццаць гадоў таму было 170.
- Я вельмі люблю сваю работу, - гаворыць мая субяседніца. - З дзеткамі працаваць лёгка і цікава, ды і калектыў у нас добры – у ім няма “выпадковых” людзей.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Надзея Смяховіч у ясельнай групе.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости