Для сапраўдных аматараў спорту перашкодай не з’яўляюцца ні надвор’е, ні нават межы і адлегласці. Гэта пацвердзіў міжнародны турнір па міні-футболе “Трыумф-Ліга”, які ў чарговы раз прайшоў на базе школы алімпійскага рэзерву ў Хідрах. У турніры прынялі ўдзел 8 каманд – з Кобрыншчыны, Брэста, Івацэвіч, Жабінкі, а таксама госці з Украіны – каманда “Самары-Ратна”.
- “Трыумф-Ліга” праводзіцца ўжо шосты год, як звычайна – да 23 лютага, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, - расказвае галоўны суддзя турніру Аляксандр Куцэвіч. – Ідэя была ў тым, каб у любую пару года энтузіясты гэтага віду спорту мелі магчымасць атрымліваць ад яго асалоду – у летні сезон мы гуляем у “вялікі” футбол, зімой пераходзім на міні-футбол у спартыўную залу. Ну і, зразумела, не будзем забываць пра галоўную задачу - трымаць нашу моладзь у тонусе круглы год.
Як адзначыў на адкрыцці турніру намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, футбол з’яўляецца самым масавым відам спорту ў тым ліку і на Кобрыншчыне – дзе ён нязменна збірае вялікую колькасць як спартсменаў, так і балельшчыкаў. Не стаў выключэннем і гэты турнір – бадзёрымі крыкамі і апладысментамі сустракаліся кожны гол і напружаная сітуацыя каля варот, а іх на працягу гэтага дня давялося ўбачыць вельмі многа. Так, літаральна праз некалькі хвілін першага матча футбалісты з Івацэвіч ужо забілі ў вароты каманды “Сенатарс” з горада Брэста першы гол, не давялося сумаваць і далей, усё ж такі міні-футбол – гульня вельмі дынамічная. Па яскравых эмоцыях футбалістаў было відаць – усе удзельнікі любяць гэты від спорту, і займаюцца ім з асалодай. А што думаюць самі спартсмены?- У футбол гуляю з дзяцінства, - расказвае капітан каманды “Палессе” Аляксандр Касцічук. – З асалодай гуляў у школе, а зараз з сябрамі і калегамі гуляем пасля работы, трэніруемся кожны тыдзень. Вельмі радуе, што гэтаму захапленню ідзе насустрач і кіраўніцтва нашага прадпрыемства. Што ж датычыцца сённяшняга турніру, зразумела, хацелася б перамогі. Будзем імкнуцца, каб так яно і атрымалася.Дарэчы, волей да перамогі на працягу двух дзён турніру адзначыліся ўсе яго ўдзельнікі – вострых момантаў хапала ў кожным матчы. У гэты раз перамагла каманда ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, на другім месцы – аб’яднаная каманда “СВК “Вербнае – Тэўлі”, трэцяе дасталося камандзе “Сенатарс” з Брэста.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: