Пенсіянеры, маладыя інваліды, сем’і, у якіх ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі… Усім гэтым катэгорыям насельніцтва так ці інакш, у той ці іншай ступені патрэбна сацыяльная дапамога, якая дазволіць ім наблізіцца да паўнацэннага жыцця – такога, якое б хацелі бачыць яны самі. Менавіта гэтай мэце прысвечаны праект адукацыйнага цэнтра “Твой шанс”, які зараз рэалізуецца на Кобрыншчыне.
Адным з чарговых этапаў рэалізацыі праекта стаў двухдзённы семінар, арганізаваны Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які прайшоў нядаўна на базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, а таксама на базе Кобрынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, звязаных з праблемамі інвалідаў і пажылых людзей.
Першы дзень семінара быў прысвечаны адукацыі дарослых, а калі быць больш дакладным, тэхналогіям, якія прымяняюцца ў гэтай адукацыі. Госці пазнаёміліся з актыўнымі метадамі навучання, з асаблівасцямі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых, з сучасным вопытам арганізацыі навучання. Аб мэтах і задачах семінара нам расказаў дырэктар “Цэнтра эфектыўных камунікацый ”Фітбэк” г. Мінска Сяргей Лабода:
- Праект, які рэалізуецца на Кобрыншчыне, накіраваны на тое, каб павялічыць колькасць адукацыйных паслуг для разнастайных катэгорый насельніцтва. Нельга забываць – гаворка ўсё ж такі ідзе аб дарослых людзях, і трэба ўлічваць гэтыя асаблівасці. Наша мерапрыемства прысвечана таму, каб навучыць людзей працаваць з гэтымі катэгорыямі, каб гэта было цікава, карысна і эфектыўна.
На другі дзень удзельнікаў семінара сустракаў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і адукацыі – месца, у якім людзі з абмежаванымі магчымасцямі атрымліваюць свае самыя першыя жыццёвыя навыкі. Якім будзе жыццё гэтых людзей пасля выхаду са сцен цэнтра, ці будуць яны гатовыя да самастойнага жыцця, як павінна ажыццяўляцца праграма падтрымкі і суправаджэння інвалідаў? І самае галоўнае, якой павінна быць гэтая падтрымка?
- Згадзіцеся: усе людзі маюць права жыць так, як яны хочуць, - дзеліцца сваімі думкамі спецыяліст па сацыяльнай рабоце грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Алена Бойка. – Аднак, калі справа датычыцца інвалідаў, то вельмі часта ўзнікаюць цяжкасці. Напрыклад, не ўсе інваліды маюць магчымасць жыць там, дзе жадаюць яны самі, займацца любімай справай, развіваць свае здольнасці і г. д. Самае галоўнае тут – зразумець, што нельга ўсіх мераць адной мерай. Ні ў якім разе гаворка не ідзе пра тое, каб, напрыклад, усіх размясціць у інтэрнатах, ці, наадварот, усіх раптам узяць і рассяліць па асобных кватэрах. Розныя людзі маюць розныя патрэбы і розныя магчымасці. Зыходзячы з гэтых патрэб і магчымасцяў і павінна разглядацца пытанне – індывідуальна і з улікам усіх магчымых фактараў. Людзі павінны мець магчымасць самарэалізоўвацца і развівацца – у любым стане здароўя, узросце ці сацыяльным статусе. Кожны павінен мець свой шанс…
На працягу семінара яго ўдзельнікі разгледзелі практычныя метады навучання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, даведаліся, як ацэньваць патрэбы інвалідаў, як павінна ажыццяўляцца падтрымка такіх людзей на працягу іх жыцця.
Той факт, што ўсе прысутныя добра разумелі спецыфіку работы з мэтавымі катэгорыямі насельніцтва, зрабіў атмасферу мерапрыемства на самой справе сяброўскай і прадуктыўнай.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: