28 лістапада 2014 года Прэзідыумам Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была прынята пастанова № 261 “Аб раённых, гарадскіх (рэгіянальных) аб’яднаннях арганізацый прафсаюзаў, уваходзячых у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі”. Згодна пастанаўлення ў Кобрынскім раёне з 1 студзеня 2015 года створана гарадское аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў, старшынёй якога прызначаны Міхаіл Трубчык.Нядаўна пад старшынствам Міхаіла Сцяпанавіча адбылася ўстаноўчая канферэнцыя.У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Салавей, кіраўнікі раённых камітэтаў прафсаюзаў і лідары “пярвічак”. На парадку дня стаялі пытанні выбараў прэзідыума і намеснікаў старшыні савета гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, а таксама ў раённы Савет па працы і сацыяльным пытанням. Работа канферэнцыі пачалася са слоў віншавання Аляксандра Зазулі ў адрас новапрызначанага кіраўніка. Старшыня райвыканкама падкрэсліў важнасць структуры прафсаюза ў жыцці любой арганізацыі. З чым звязана новаўвядзенне ў прафсаюзнай структуры, патлумачыў Вячаслаў Салавей.“У Брэсцкай вобласці ёсць 27 галіновых прафсаюзаў, але толькі ў 14 ёсць абкамы. Стварэнне раённых аб’яднанняў арганізацый прафсаюзаў дапаможа разам вырашаць пытанні работы, заработнай платы, нармальных і бяспечных умоў працы і іншых пытанняў па абароне правоў работнікаў працоўных калектываў”, - адзначыў Вячаслаў Пятровіч. Такім чынам, дзейнасць прафсаюзных арганізацый пры рашэнні важнейшых сацыяльна-эканамічных задач на тэрытарыяльным узроўні будзе больш зладжанай.Амаль 100 ўдзельнікаў канферэнцыі, безумоўна, чакалі візітоўкі новапрызначанага раённага прафсаюзнага лідара. Міхаіл Сцяпанавіч коратка расказаў сваю працоўную біяграфію. На пасаду старшыні гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў ён прыйшоў з пасады галоўнага інжынера ўпраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Кобрынскага райвыканкама.Людміла Дубіна
На здымку (злева направа): Міхаіл Трубчык, Вячаслаў Салавей, а таксама Васіль Лазарчук і Надзея Прысада, якія выбраны намеснікамі Кобрынскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў.Фота аўтара
Поделиться в соцсетях: