Ср, 16 октября 2024
Прогноз погоды

Міжнароднае дасягненне Кобрынскага каледжа

18/06/2018 Молодёжь

Больш за 1600 работ з 21 краіны свету, неверагодная разнастайнасць стыляў і накірункаў і, зразумела, строгае і высокапрафесіянальнае журы. Гэта – VII Міжнароднае біенале мастацкай творчасці моладзі “Захапленне і таленты-2018”, якое прайшло ў горадзе Бельску Падляскім (Польшча) пабраціме Кобрына. У чарговы раз пацвердзілі высокую якасць сваёй падрыхтоўкі і абаранілі гонар Кобрыншчыны навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, якія прывезлі з гэтага прэстыжнага спаборніцтва адразу чатыры ўзнагароды.

– Канкурэнцыя была вялікая, а ўзровень работ – вельмі высокім, – расказвае выкладчык спецдысцыплін Кобрынскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Ірына Гулюта. – Бельская зямля цёпла прымала кабрынчан. Удзельнікі біенале ў якасці ганаровых гасцей былі запрошаны на канцэрт і цэлы шэраг урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных адкрыццю 39-х дзён Бельска-Падляскага, пагутарылі са сваімі аднагодкамі з іншых краін, – адным словам – правялі час вельмі цікава.

Як адзначыла інструктар пластычнага мастацтва ваяводскага Цэнтра анімацыі культуры Беластока Ліля Вышкоўска, чарговае біенале стала паспяховым працягам развіцця гэтага праекта – мастацкія работы, якія былі заяўленыя на ўдзел у конкурсе, адзначаліся вялікай разнастайнасцю як па сваім змесце, так і па тэхніках выканання. Яна падкрэсліла, што работы ўдзельнікаў старэйшай узроставай групы, у якой і выступалі кабрынчане, прадэманстравалі ўражанні, атрыманыя ў выніку незалежнага мыслення і практычнага выкарыстання ведаў. Арганізатары выказалі ўдзячнасць усім удзельнікам конкурсу і адзначылі, што прадстаўленыя таленты і захапленні, незалежна ад краін паходжання, сталі выдатным універсальным вопытам.

Ад Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа ў конкурсе прынялі ўдзел 24 маладыя мастакі. Узнагароды заваявалі чацвёра навучэнцаў – дыпломы лаўрэатаў атрымалі Ангеліна Каваленка і Аляксандра Данюкова, “Бронзавую палітру” заваявала Анастасія Жакава, а “Сярэбраная палітра”, якая стала вышэйшай узнагародай кабрынчан у гэтым годзе, дасталася Ганне Масяйчук. Выдатныя вынікі прыгажунь каледжа, дасягнутыя на міжнароднай арэне, – яшчэ адзін выдатны доказ таго, што наша зямля славіцца і выдатнымі майстрамі, і таленавітымі настаўнікамі, якія не шкадуюць сіл, каб развіць усе найлепшыя якасці новага пакалення і выхаваць яго ў лепшых традыцыях павагі да сваёй справы і плённай працы.

Дзмітрый БЯЛОЎ,

НА ЗДЫМКАХ аўтара (злева направа): Анастасія Жакава, Аляксандра Данюкова, Ангеліна Каваленка і Ганна Масяйчук з узнагародамі.

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу