Прогноз погоды
Пт, 27 февраля 2026

Мелодыя, што яднае сэрцы: як у Залессі гучала роднае слова

25/02/2026 Актуально Кобрин ОМЕЛЬЯНЧУК Залесский сельсовет

Замест сучаснага музычнага суправаджэння гучыць «Родны кут» «Песняроў», са сцэны дзіцячыя вусны мовяць «Я буду маліцца да хмараў з грымотамі…», а ў зале русая шасцігадовая дзяўчынка на руках у маці пільна назірае і, амаль не дыхаючы, шэптам паўтарае «да яснага сонейка…».

25 лютага, "Кобрынскі веснік"/ У такіх простых момантах адлюстроўваецца сапраўдная душа нашага самабытнага народа – у кожным слове дзіцяці на матчынай мове, у глыбокіх вачах блакітнай Нарачы і ў шчырай надзеі на тое, што абавязкова «ўсё будзе добра», бо ў беларускай няма слова «если», ёсць «калі».

Дзень роднай мовы ў Залескім цэнтры культуры і вольнага часу традыцыйна сустрэлі конкурсам беларускай песні і паэзіі «Беларуская мова – мелодыя душы», які адбыўся ў сёмы раз з ужо класічнай выстаўкай літаратурных скарбаў ад захавальніцы народнай мудрасці – бібліятэкара Ірыны Пакалюк, смачнымі пачастункамі ад спонсараў і адчування адзінства ў калектыўнай душы свята, складзенай з індывідуальнасці кожнага зацікаўленага.

photo 2026 02 25 14 12 16 2 2

photo 2026 02 25 14 12 16 6

У звыклым разуменні падзею ўжо нельга назваць спаборніцтвам, бо гэта цэлы аазіс цёплых сустрэч, знаёмстваў, выпадкова невыпадковых фраз, рухаў і, вядома, поглядаў. Але як бы ні было цяжка кампетэнтнаму журы ацэньваць творчыя здольнасці і асабісты падыход да выканання, падвядзення вынікаў ўсё ж такі пазбегнуць было нельга.

Старшыня журы – метадыст па культурна-дасугавай дзейнасці Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Юлія Гулін:

– Хочацца, каб беларускае слова гучала часцей, натхняла і аб’ядноўвала, як на нашым свяце! Розныя пакаленні ўспрымаюць народны скарб па-свойму, але мы ўпэўніліся ў тым, што кожны робіць гэта з сапраўднай адданасцю і ад шчырага сэрца.

photo 2026 02 25 14 12 16 3 2

Загадчык Залескага цэнтра культуры і вольнага часу Марына Салаш-Гардзіевіч:

– У культурным жыцці раёна мерапрыемства ўжо стала значным эпізодам. Як арганізатар, хачу адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў і непадробную цікавасць у вачах як выканаўцаў, так і гледачоў. У каторы раз падкрэслілі для сябе: увага і любоў да нашай мовы не згасае, а наадварот з часам толькі набірае абароты, што неабходна для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і перадачы культурнай спадчыны нашчадкам.

Гучалі як вядомыя творы, так і аўтарскія кампазіцыі і вершы ў трох ўзроставых катэгорыях. У намінацыі «Паэзія» лаўрэатамі І ступені сталі: Марына Міхалюк, Дар’я Легастаева і трыа ў складзе Ягора Гранько, Дар’і Лойчыц і Марка Блядая. Гран-пры заваявала Наталля Сацута з аўтарскай гумарэскай «Гараджане»:

– Упершыню прыехала ў якасці канкурсанткі, раней толькі чула ўражанні ад калег з літаратурнага аб'яднання. Спачатку думала, што будзе складана ўспрымаць вялікую колькасць нумароў, але ўсё прайшло лёгка і займальна, без стомы. Арганізацыя была бездакорнай: кожнаму падрабязна ўсё тлумачылі і падтрымлівалі, канцэртная праграма добра прадумана.

Атрымаць такую ўзнагароду – прыемная нечаканасць, бо бачыла шмат таленавітых удзельнікаў і, вядома, кожны спадзяваўся на прыз. Мерапрыемства адразу ж натхніла на стварэнне новых твораў на роднай мове!

photo 2026 02 25 14 12 17 7 2

photo 2026 02 25 14 12 18 5 2

photo 2026 02 25 14 12 18 6

Намінацыя «Песня» прынесла Валерыі Мацвяюк, Анастасіі Саўчук і Ірыне Мацвяюк дыпломы лаўрэата I ступеніЗа выкананне аўтарскай песні «Неба падкажа» Гран-пры прызначылі Ірыне Амельянчук.

У прасторы загубленых сэнсаў так важна захоўваць і распаўсюджваць праўдзівыя каштоўнасці, на якіх трымаецца нацыя. Як пісаў Уладзімір Караткевіч: «Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў».

Тэкст і фота Ірыны АМЕЛЬЯНЧУК

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости