Да здаровага ладу жыцця прывучацца патрэбна з дзяцінства. Гэты прынцып з’яўляецца вядучым у СШ №9, якая нядаўна яшчэ раз пацвердзіла майстэрства сваіх педагогаў чарговай узнагародай на рэспубліканскім узроўні. На заключным этапе рэспубліканскай акцыі “Алімпізм і моладзь” школа атрымала дыплом і кубак за другое месца ў намінацыі “Лепшы алімпійскі куток “Беларусь спартыўная”.
Традыцыі здаровага ладу жыцця ў школе вельмі моцныя, і ўзнагарода ў гэтай сферы тут далёка не першая. Школа рэгулярна і паспяхова прымае ўдзел ва ўсіх магчымых спаборніцтвах і спартакіядах, займае вышэйшыя ступені ў конкурсах самага разнастайнага ўзроўню. Так, у мінулым годзе атрымалі дыплом 1-й ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за перамогу ў конкурсе ў межах Фестывалю здароўя ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па фарміраванні здаровага ладу жыцця”. Менавіта ў СШ №9 працуе пераможца конкурсу “Настаўнік года-2011” фізкультурнік Міхаіл Бандарук. Што ж датычыцца клуба “Юны алімпіец”, то яшчэ ў 2010 годзе ён стаў лепшым у вобласці, атрымаў дыплом першай ступені ў гэтай намінацыі на Фестывалі здароўя. А два гады таму тут прайшоў алімпійскі дзень з удзелам прызёраў Алімпійскіх гульняў Наталлі Гелах, Юліі Бічык і Яраславы Паўловіч. Адным словам, работа кіпіць і прыносіць свае вынікі.
- Калі гаворка ідзе пра выхаванне здаровага ладу жыцця, то тут вялікае значэнне маюць не толькі работа педагогаў, але і жывыя прыклады, на якіх раўняюцца нашы дзеці, - расказвае дырэктар школы Ірына Карпук. – У нашай краіне такія прыклады ёсць – і наша задача, каб дзеці іх ведалі, памяталі пра іх дасягненні і ганарыліся сваёй Радзімай. У сувязі з гэтым ролю алімпійскага руху ў сістэме адукацыі пераацаніць проста немагчыма.
Цяжка што-небудзь дадаць да гэтых слоў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: