Прогноз погоды
Сб, 26 апреля 2025

“Край, дзе здзяйсняюцца мары”

21/07/2020

[caption id="attachment_39393" align="aligncenter" width="576"] Міхаіл Грышкевіч.[/caption]

Малады і ў той жа час сталы, са сваім асаблівым шармам і стылем, зручны, камфортны, добраўпарадкаваны – такім бачаць Кобрын яго жыхары. Горад славіцца сваёй гісторыяй і традыцыямі, людзі - працавітасцю, шчырасцю і талентамі. Сваімі дасягненнямі яны праслаўляюць свой родны кут далёка за яго межамі. З якімі вынікамі кабрынчане святкуюць Дзень горада, расказвае старшыня райвыканкама Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ.

- Аб развіцці любога рэгіёна ў першую чаргу гаворыць стан мясцовай эканомікі. Адзначу, што ў гэтай сферы на Кобрыншчыне назіраецца станоўчая дынаміка. На нашых прадпрыемствах, у арганізацыях і ва ўстановах акцэнт пры наладжванні вытворчага працэсу робяць на сучасных тэхналогіях, партнёрскіх сувязях, у тым ліку і па пошуку новых рынкаў збыту гатовай прадукцыі. Эканоміка жыве і дыхае новымі тэндэнцыямі ў бізнесе.

Так, у 2019 годзе на Кобрыншчыне былі выкананы ключавыя паказчыкі па экспарце тавараў і заданне па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце гандлю, зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, стварэнні новых мікра-і малых арганізацый, уводзе ў эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, будаўніча-мантажных работах, па энергазберажэнні.

У першым квартале бягучага года забяспечана выкананне паказчыка па прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове, якія склалі каля 2,4 млн долараў пры заданні 300 тыс. долараў, а таксама паказчыка па экспарце паслуг (124,7 %).

Што тычыцца такога важнага параметра, як экспарт тавараў, то ў апошнія гады назіраецца тэмп росту гэтага паказчыка. За першы квартал бягучага года ён склаў 112,6% да адпаведнага перыяду 2019 года. Усяго ж у першым квартале знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляліся з 67 краінамі. Бясспрэчны лідар сярод прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці па дыверсіфікацыі экспарту тавараў з’яўляецца СТАА “ВП Палессе”. Расце  колькасць імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Прамысловымі прадпрыемствамі паспяхова рэалізуюцца праекты па мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні вытворчасцяў. Так, у бягучым годзе на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” ажыццяўляецца мадэрнізацыя цэха па вытворчасці паўцвёрдых сыроў, што дазволіць павялічыць яго выпрацоўку да 45 тон у суткі, і лініі па вытворчасці марожанага.

Новы імпульс для эканомікі Кобрыншчыны надало ТАА “БТВ-Агра”, якое рэалізуе праект “Будаўніцтва сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні грыбніц”. Тут плануецца стварыць не менш за 50 новых рабочых месцаў. Інавацыйная і імпартазамяшчальная прадукцыя, якая будзе выпускацца на прадпрыемстве, гарантавана будзе запатрабавана як на знешнім, так і на ўнутраным рынках. Заўсёды знаходзіцца на кантролі мясцовай улады сітуацыя на рынку працы Кобрынскага раёна, якая характарызуецца як стабільная.

Пазітыўныя зрухі назіраюцца і ў сельскагаспадарчай галіне. У бягучым годзе ў раслінаводстве прырост забяспечаны па ўсіх асноўных відах прадукцыі. Адказна аграрыі падыходзяць да нарыхтоўкі кармоў, бо разумеюць: ад гэтага напрамую залежыць якасць малака. Дынамічна развіваецца і інфраструктура аграпрамысловага комплексу. Так, ажыццяўляецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 777 галоў у в. Вострава (ААТ “Стрыгава”), завяршаецца рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў аграгарадку Хідры (СВК “Узыходзячая зара”).  Штогод абнаўляецца машынна-трактарны парк. Так, летась у гаспадаркі раёна паступілі 35 новых трактароў, 4 камбайны. Набываецца новая корманарыхтоўчая тэхніка і інш. Варта адзначыць, што за станоўчымі паказчыкамі ў любой сферы, а ў сельскагаспадарчай галіне тым больш, стаяць людзі, якія сваім прафесіяналізмам, самаадданасцю ствараюць наш дабрабыт. У раёне захавана пераемнасць пакаленняў. Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць да нас на работу,  раскрываюць свой патэнцыял пад кіраўніцтвам вопытных калег.

Бягучы год багаты на падзеі ў сістэме адукацыі раёна. У гэтай сферы выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты. У новым навучальным годзе ў Кобрыне адкрылася новая дашкольная ўстанова “Спецыяльны дзіцячы сад №1”, што дазволіла ў тым ліку павялічыць колькасць месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту на 100 чалавек. У Залескай сярэдняй школе вядзецца будаўніцтва спартыўнай залы. Плануем, што яна будзе здадзена ў верасні гэтага года. Для разгрузкі ўстаноў адукацыі плануецца ў бліжэйшыя гады пабудаваць ў мікрараёне №4 г. Кобрына дзіцячы сад-пачатковую школу на 471 месца. Пытанні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі вырашаюцца сістэматычна.

Хачу адзначыць, што колькасць выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ, у апошнія гады расце. У 2019 годзе гэты паказчык складае больш чым 50% ад агульнай колькасці выпускнікоў. Добрыя вынікі дэманструюць вучні Кобрынскага раёна на навукова-практычных канферэнцыях на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Улічваючы сельскагаспадарчую спецыфіку раёна, мы арганізавалі класы аграрнай накіраванасці ў Буховіцкай, Залескай сярэдніх школах і  ў Хідрынскім ВПК яслях-садзе-сярэдняй школе.

Сістэмна павышаецца якасць медыцынскага абслугоўвання насельніцтва на Кобрыншчыне. Урачамі раёна праводзіцца сістэмная работа па дыспансерызацыі насельніцтва з арганізацыяй масавых прафілактычных аглядаў. Вядзецца дынамічнае назіранне пацыентаў па групах з акцэнтам на асоб працаздольнага ўзросту. Выконваецца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне фактараў рызыкі захворванняў, павышэнне ўзроўню матывацыі насельніцтва да здаровага ладу жыцця. З гэтай мэтай у раёне рэалізуецца ў тым ліку прафілактычная праграма “Кобрынскі раён: тэрыторыя здароўя”. Трэба адзначыць, што ўзровень забяспечанасцю расходаў на сістэму аховы здароўя ў першым квартале склаў 101,9%. Мадэрнізацыя ахапіла і медыцынскую сферу. Так, сярод іншага зроблены рамонт пральні цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, праведзена работа па паляпшэнні безбар’ернага асяроддзя ў інфекцыйным аддзяленні, падрыхтаваны кабінет для рэнтгенаўскай камп’ютарнай тамаграфіі. Пастаўка гэтага апарата па лініі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь адбудзецца ў 2021 годзе. Ажыццяўляецца капітальны рамонт Дзівінскай участковай бальніцы. Карыстаючыся момантам, хачу шчыра падзякаваць медыкам нашага раёна за самаадданую прафесіянальную працу па аказанні медыцынскай дапамогі людзям ва ўмовах пандэміі COVID-19.

Радуюць сваімі поспехамі  і работнікі культуры.  Сёлета 17 творчых калектываў, якія шчыруюць на культурнай ніве Кобрыншчыны, пацвердзілі званне “народны”. Памнажаецца і захоўваецца гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны. Так, нядаўна ў аг. Дзівін адбыўся пленэр разьбяроў паркавых скульптур, якія стварылі кампазіцыю з галоўных дзеючых асоб дзівінскага вяселля.

Актыўна развіваецца фізічная культура і спорт. На слыху нашы спартсмены: лёгкаатлеты Аляксандра Коньшына, Дар’я Карповіч, хакеіст Уладзімір Ануфрэюк, стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Мікалай Майсяюк, дзюдаіст Алег Казак і інш., якія праславілі Кобрыншчыну далёка за яе межамі.

Зусім хутка ў аг. Дзівін адбудзецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”. Зараз завяршаецца асноўны комплекс работ па прывядзенні ў належны стан інфраструктуры населенага пункта.  Праводзіцца рамонт мясцовай участковай бальніцы, дзіцячага сада і сярэдняй школы, новы выгляд набудзе сквер. Будзе выкананы бягучы рамонт будынка аддзялення паштовай сувязі, банка, аптэкі, лазні, дзяцячага дома і інш. Будуць пабудаваны новыя стаянкі, добраўпарадкаваны дарогі.

Ад усяго сэрца віншую ўсіх жыхароў Кобрыншчыны з Днём горада. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, міра і шчасця. Няхай наш край будзе месцам, дзе збываюцца самыя запаветныя мары.

Са святам вас!

Запісаў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу