Алу Верас я ведаю даўно. Сем гадоў таму нашы дзеці пачыналі займацца танцамі ў адным калектыве. Спакойная, разважлівая, жанчына адразу прыцягнула маю ўвагу. Я ўжо не памятаю, з якіх слоў тады пачалася наша гаворка, але лёгкасць і шчырасць зносін захаваліся і да гэтых пор.
Да таго ж нашы дзеці вучацца ў адной школе. Такі збег абставін плаўна перавёў звычайнае знаёмства ў сяброўства. Нашы сустрэчы былі цёплыя, напоўненыя радасцю мацярынства.
Ала Іванаўна многа расказвала пра сваіх дачушак, пра іх захапленні, але ніводнага разу не абмовілася, што ўсе яны – Марына, Вераніка і Аксана - занесены на школьную Дошку гонару як выдатнікі вучобы. Расказаць аб гэтай дружнай сям’і нашым чытачам, цвёрда вырашыла, калі ўбачыла галаву сямейства – Аляксандра Вераса на Дошцы гонару Кобрынскага хлебазавода.
“Сям’я, у якой так годна ставяцца да працы, добры прыклад усім нам”, - з такімі думкамі ішла ў госці да Алы Іванаўны.
На парозе мяне прыветна сустрэла сама гаспадыня. Ахвотна правяла экскурсію па хаце. У кожным пакоі сцены былі аздоблены вырабамі рукадзелля, на падаконніках – мноства кветак.
- Хто гэта ў вас такі ўмелы? – пытаюся ў дзяўчынак.
Адказала Марына, старэйшая з сясцёр: “А што вас цікавіць? Вось гэта вышывала я. А там – Веранікіны шэдэўры”.
Марына – аднагодка маёй дачкі, ёй чатырнаццаць. Займаецца ў студыі танца “Амадэус” Кобрынскага Палаца культуры. Многае пра дзяўчынку расказалі яе ўзнагароды. Акуратна аформленая папка дасягненняў – своеасаблівае рэзюмэ школьніцы. Яна наведвае секцыю настольнага тэнісу. Занесена на Дошку гонару і як выдатная спартсменка. Дзяўчынка ўдзельнічае ў валанцёрскім руху, займаецца ў школьным гуртку “Лідары”. Пасля вучэбных заняткаў спяшаецца ў раённы цэнтр дзіцячай творчасці на бісерапляценне. Марына паказала свае работы. “У іх я ўкладаю часцінку сябе і дару блізкім людзям”, - заўважыла яна.
Вераніка, у адрозненне ад Марыны, больш спакойная. Але яе рэжым дня такі ж насычаны. Дзяўчынка займаецца ў студыі танца “Амадэус”, народнай студыі выяўленчага мастацтва ў Анатоля Зуброва. Яе захапленне маляваннем стала ўжо неад’емнай часткай жыцця. “Малюю, калі хвалююся і хачу заспакоіцца, калі на душы добра – таксама малюю”, - падзялілася Вераніка і працягнула мне тоўсты альбом. На адным з аркушаў быў намаляваны вялікі стол, за якім сядзела шмат людзей. “Хто гэта?”, - пытаюся ў дзяўчынкі. Вераніка паказала маму, бацьку, сястрычак.
- А іншыя людзі – нашы сябры і суседзі, якія прыйшлі да нас у госці.
У малюнках – уся яна. Гаспадарлівая, прыветная, чулая да братоў нашых меншых і … заўсёды чым-небудзь занятая.
Не адстае ад сястрычак малодшая Аксана. У сабе яна быццам сінтэзавала іх здольнасці. Займаецца настольным тэнісам, танцамі, наведвае студыю выяўленчага мастацтва.
Ала Іванаўна расказала, што ў выхаванні дзяцей прытрымліваецца мамінага прыкладу. Шанаваць працу, з адказнасцю падыходзіць да любой дзейнасці, ставіцца да людзей па-чалавечы – вось і ўся навука.
Мама Алы Іванаўны – Марыя Курлюк - на ўсе Дзявяткі рукадзельніца. І швачка добрая, і вязальніца, і вышывальшчыца. Адна са знакамітых асоб, пра якую расказваюць юныя экскурсаводы этнаграфічнага музея Рынкаўскай сярэдняй школы.
Рукадзельнічае і сама Ала. Вялікая ікона Мікалая Цудатворца, вышытая бісерам, якую я адразу заўважыла ледзь толькі ўвайшла ў вітальню, – яе работа.
Аляксандр Васільевіч у працы нічым не ўступае жонцы. За якую работу ні возьмецца, усё гарыць у яго руках. Заняты ён быў і ў час майго візіту. А як жа інакш, калі ты ў адказе за сваіх дзяўчынак.
Людміла Дубіна
Фота аўтара