[caption id="attachment_39400" align="aligncenter" width="574"] Юрый Вашчук (ТЕО), Віктар Белавус, Іван Даўжук, Таццяна Кухта.[/caption]
Напярэдадні Дня горада мы распыталі жыхароў Кобрына, як іх жыццёвыя пуцявіны перапляліся з яго біяграфіяй: якія шчаслівыя хвіліны перажылі яны тут, якіх вышынь дасягнулі, сведкамі якіх падзеяў у яго развіцці сталі. І вось што пачулі.
Іван ДАЎЖУК, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў:
- Кобрыншчына – утульны і прыгожы край, з якім звязана ўсё маё жыццё. Тут, у вёсцы Сялец я нарадзіўся, скончыў Залескую школу, самаўдасканальваўся на пасадзе ўрача-эпідэміёлага, а потым - галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Кобрынскага раёна. Дзякуючы даверу кабрынчан ужо другі тэрмін займаю пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў. На маіх вачах Кобрыншчына развівалася. Я шчаслівы, што нарадзіўся ў такім прыгожым і ўтульным краі. Яго насельнікі – грамадзяне з вялікім пачуццём грамадзянскага доўгу, якія заслугоўваюць самых цёплых слоў за іх руплівую штодзённую працу. Нам ёсць чым ганарыцца: добрымі вынікамі радуе сельская гаспадарка, новыя гарызонты асвойвае прамысловасць, дынамічна развіваецца сацыяльная сфера.
Напярэдадні Дня вызвалення Кобрыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці ветэранам, якія не шкадавалі жыцця дзеля нашай свабоды і незалежнасці, – і тым, хто не дажыў да гэтага дня, і тым, хто і сёння сярод нас. Яны могуць быць упэўнены – мы захаваем і памножым іх дасягненні, каб перадаць гэты цудоўны куточак нашым нашчадкам – таленавітаму маладому пакаленню, якое сваімі вынікамі ўжо сёння славіць Кобрыншчыну далёка за яе межамі.
Запісаў Дзмітрый Бялоў.
Віктар БЕЛАВУС, дырэктар ААТ «Кобрынаграмаш»:
– У Кобрыне я жыву пяць гадоў – з таго часу, калі быў назначаны на пасаду кіраўніка прадпрыемства і пераехаў сюды з Пінска. За гэты непрацяглы тэрмін ужо прыкіпеў да Кобрыншчыны душой. Перш за ўсё ўразілі чысціня і прыгажосць вуліц і плошчаў, сквер А.І. Марозава, парк А.В. Суворава, Палац культуры і іншыя аб’екты. Створаныя і адрамантаваныя для жыхароў падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі–2009”, яны і дагэтуль не страцілі сваёй прывабнасці і радуюць сваёй прыгажосцю. Падтрымліваць іх у належным стане – абавязак кожнага з нас.
Я зачараваны не толькі горадам, але і яго людзьмі. Кабрынчане з’яўляюцца носьбітамі такіх годных чалавечых якасцяў, як працавітасць, добрасумленнасць, адказнасць. Іх адметная рыса – высокая прадпрымальнасць, жаданне рухацца наперад, самаўдасканальвацца. На нашым прадпрыемстве працуюць добрыя спецыялісты, амаль кожны з іх валодае не адной, а некалькімі прафесіямі. Кабельная прадукцыя, якую мы вырабляем, праходзіць самы строгі кантроль якасці і не залежваецца на складах – джгуты з Кобрына пастаўляюцца не толькі на ААТ “Мінскі трактарны завод”, але і на іншыя прадпрыемствы холдынга “МТЗ”. Гледзячы на трактары “Беларус”, кабрынчане могуць ганарыцца тым, што ў гэтай магутнай тэхніцы ёсць і часцінка нашай працы.
Кобрын натхняе мяне, дае прастору для разважанняў. На яго карце з’яўляюцца новабудоўлі, аднаўляюцца помнікі архітэктуры, паўсюды гучыць дзіцячы смех – усё гэта з’яўляецца яскравым доказам таму, што старажытны Кобрын жыве і развіваецца.
Запісала Жанна Елізарава.
Таццяна Кухта, трохразовая чэмпіёнка Еўропы па акадэмічным веславанні, пераможца і прызёр этапаў Кубка свету, маладзёжных і рэспубліканскіх рэгат, майстар спорту міжнароднага класа.
Так склаўся лёс, што я пакінула роднае Верхалессе яшчэ падлеткам. У такім узросце яшчэ мала разумееш, што значыць для цябе малая радзіма, родны дом, таму і не так балюча растанне. І толькі з цягам часу пачынае шчымець сэрца ад таго, што табе не хапае водару роднага паветра, шуму бярозы пад акном, голасу маці…
Зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы, перамогі… Ты стаіш на п’едэстале, глядзіш на сцяг сваёй радзімы, и міжвольна думкі ляцяць далёка-далёка, у родны край, на Кобрыншчыну.
Цябе пачынае ахопліваць гонар – гэтая перамога для іх, маіх родных, для маці Марыі Мікалаеўны, якая, на жаль, ужо ніколі не будзе са мной, землякоў, майго трэнера Людмілы Кунац, якая першая заўважыла ў мяне спартыўныя здольнасці, усіх, хто даў мне пуцёўку ў вялікі свет.
Я шмат у якіх краінах была, бачыла, як жывуць іншыя народы. Прыгажосці многа ў свеце. Але самая вялікая прыгажосць – тая, якую нельга выказаць словамі, яна ў душы – гэта прыгажосць родных краявідаў. У Кобрыне ў мяне ёсць любімыя мясціны – гэта гарадскі парк і вуліца Суворава. Часта я прызджаю ў горад і са сваімі сябрамі з іншых куткоў Беларусі. Мы любім з імі пасядзець з кубачкам кавы ў кавярні, пагуляць па ўтульных ціхіх вуліцах. Яны часта наведваюць наш аквапарк, музей, гуляюць па набярэжнай і пагаджаюцца са мной, што наш Кобрын - вельмі прыгожы горад.
Запісала Алена БАКУН.
Юрый Вашчук (ТЕО), беларускі спявак, тэлевядучы, кампазітар, аранжыроўшчык, прадстаўляў Беларусь на конкурсе песні “Еўрабачанне - 2014”
Малая радзіма – гэта тое, што дае чалавеку энергію, падсілкаванне, калі ён маральна выгарае, калі адчувае, што яму патрэбна перазагрузка. На Кобрыншчыне, у родных Хідрах, дзе жывуць мае бацькі і шматлікія сваякі, я спачываю душою. На жаль, не так часта, як гэтага хацелася б, я прыязджаю туды. Але ў сэрцы малая радзіма заўсёды са мной. І калі я выступаю на вялікай сцэне перад сваімі гледачамі, і калі падарожнічаю па чужых краінах, і калі даю інтэрв’ю перад камерай… Я не перастаю дзякаваць сваім бацькам за тое, што яны выхавалі мяне такім, якім я зараз ёсць, падтрымалі, паверылі ў мае здольнасці, маці - Яніне Антонаўне, якая прывіла мне любоў да мастацтва, бацьку - Аляксею Сцяпанавічу, настаўніку гісторыі, які адкрыў мне свет у самым шырокім сэнсе гэтага слова, педагогам музычнай школы, асабліва Мікалаю Сцепанюку, які не проста навучыў іграць на баяне, а адкрыў для мяне душу музычнага інструмента, кіраўніку эстраднай студыі ў Хідрынскай СШ Генадзю Лісковічу за педагагічнае майстэрства. Я не цураюся сваіх каранёў, і калі пры размове нехта ўпершыню чуе ад мяне пра Кобрыншчыну, з задавальненнем расказваю, які цудоўны і прыгожы наш край.
Запісала Алена БАКУН.
Марыя Клачковіч, ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна:
- Месца нараджэння, безумоўна, назаўсёды застанецца для чалавека куточкам, куды яму будзе хацецца вяртацца зноў і зноў. Але яшчэ больш важнай для кожнага з нас з’яўляецца тая мясціна, дзе ты пабудаваў свой дом, сям’ю, выхаваў дзяцей, той край, служэнню якому прысвяціў сваё жыццё. Мая малая радзіма - Драгічыншчына, а мой лёс - Кобрыншчына. У Бельскай базавай школе я рабіла свае першыя крокі ў прафесіі – выкладала хімію і біялогію. Ад вопытных педагогаў і мудрых вяскоўцаў атрымала жыццёвыя ўрокі, якімі заўсёды карысталася. Галоўныя з іх – з самаадданасцю працаваць, з павагай адносіцца да калег, з любоўю да блізкіх. Работа на пасадзе дырэктара Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання, якой я аддала шмат гадоў, стала сэнсам майго жыцця. Той час я згадваю з асаблівай асалодай. З камандай аднадумцаў мы рабілі ўсё, каб наш ліцэй быў лепшым не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. І зараз мне вельмі прыемна, што на тым падмурку, які мы калісьці заклалі, установа будуе сваю будучыню. Значыць, жыццё не прайшло марна, значыць, і я ўнесла ў дабрабыт роднай Кобрыншчыны сваё маленькае зярнятка.
Запісала Алена БАКУН.
Поделиться в соцсетях: