Вт, 05 ноября 2024
Прогноз погоды

Кобрыншчына распачала жніво!

08/07/2020


[caption id="attachment_38861" align="aligncenter" width="600"] Сямейная дынастыя - Павел (злева) і Аляксандр Сірацюкі[/caption]

Уборачная кампанія – галоўны экзамен для хлебаробаў. Аднымі з першых у краіне распачалі жніво аграрыі Кобрыншчыны – 1 ліпеня збожжаўборачныя камбайны выйшлі на палі ААТ “Батчы”, ААТ “Пакроўскі” і ТАА “КантрыМілк”. Усяго ў раёне у бягучым годзе належыць прыбраць 28,4 тыс. га збожжавых без кукурузы, грачыхі і проса. На ўрадлівыя батчынскія палі ў першы дзень жніва на ўборку азімага ячменю выйшлі 5 экіпажаў камбайнаў.

 Сёлета ў нас пасеяна 60 га азімага і 397 га яравога ячменю, - расказвае галоўны аграном ААТ “Батчы” Мікалай Якімчук. – Нягледзячы на тое, што сёлетняя вясна адзначылася не вельмі спрыяльным надвор’ем, мы разлічваем на ўраджай каля 40 ц/га. Акрамя таго, да ўборкі ў гэтым годзе ў нас у тым ліку 895 га азімай пшаніцы, 610 га азімага трыцікале і 460 га рапсу.

Вялікая ўвага надаецца і нарыхтоўцы кармоў. На момант нашага візіту быў завершаны трэці ўкос злакавых траў. Работы вяліся, калі травы набіралі максімальную колькасць карысных рэчываў. Не колькасць, а якасць - галоўны крытэрый у гаспадарцы пры арганізацыі працы.

Чарговае жніво гаспадарка сустракае ў поўным тэхнічным узбраенні. У мінулым годзе машынна-трактарны парк папоўніўся двума новымі збожжаўборачнымі камбайнамі “Палессе GS-12A1”, яшчэ адну “дванаццатку” для ўборкі кукурузы тут плануюць атрымаць у бліжэйшы час, нядаўна ў арэнду з наступным выкупам быў узяты прэс “New Holland».

Аднак галоўны складальнік эфектыўнага земляробства – людзі, адданыя сваёй справе. І з гэтым гаспадарцы пашчасціла – ёсць тут і вопытныя механізатары, якія аддалі працы на зямлі не адно дзесяцігоддзе, і сямейныя дынастыі, і моладзь, якой ужо сёння давяраюць самую сучасную тэхніку. Так, на адным з новых збожжаўборачных камбайнаў у першы дзень жніва шчыраваў экіпаж старшага камбайнера Паўла Сірацюка і памочніка Сяргея Ларчанкі. Нягледзячы на тое, што Павел мае дыплом інжынера, ён і сёння з асалодай сядае за штурвал “Палесся” – падчас жніва кваліфікаваныя рукі на полі патрэбны, як ніколі. Побач, на другім камбайне працуе на залатой ніве і яго бацька, Аляксандр Сірацюк.

Як адзначыў дырэктар ААТ “Батчы” Сяргей Гліннік, ураджай збожжа абяцае быць добрым. Сёлета батчынскія аграрыі разлічваюць на валавы збор збожжавых на ўзроўні 7-8 тыс. т. Галоўнае, каб не падвяло надвор’е.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях: