Прадукцыю Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Магутны і велічны, першы ў рэспубліцы сярод падобных прадпрыемстваў па эканамічных паказчыках – такім мы бачым завод сёння. Тут наладжана безадходная перапрацоўка малака, прымяняюцца рэсурсазберагальныя тэхналогіі. Магутнасць завода дазваляе перапрацоўваць 350 тон сыравіны ў суткі. Асартымент налічвае больш за 150 найменняў малочных вырабаў - ад масла, тварагу, гарчыцы да пудынгаў і напіткаў. 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт у Туркменістан, Казахстан і Расію. Асноўны накірунак дзейнасці - сыраробства. Пад маркай “Кобрынскія сыры”, якая стала брэндавай, тут выпускаюць 31 від паўцвёрдых сыроў, з якіх 28 – па ўласных распрацоўках. Кожны – са сваім смакам і водарам. У апошні час кобрынскія сыраробы пачалі вырабляць элітныя сыры з доўгім тэрмінам выспявання, ад 6 месяцаў да года, і дабіліся значных поспехаў. Сыр “Пармскі”, тэхналогію вытворчасці якога тут асвоілі першымі ў рэспубліцы, атрымаў Гран-пры на прэстыжнай выстаўцы “Малочная і мясная індустрыя” і залаты медаль на выстаўцы “Прадэкспа-2013”. Дарэчы, прадукцыя Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода ўжо некалькі гадоў запар атрымлівае толькі вышэйшыя ўзнагароды.За высокімі паказчыкамі сёння – 75 гадоў напружанай працы. Першае ў Кобрыне прадпрыемства па вырабе малочнай прадукцыі было арганізавана ў 1939 годзе ў будынку былой канюшні царскіх войскаў па вуліцы Заслонава. Адсюль і пачынаецца гісторыя Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода. Не паспела прадпрыемства як след умацавацца, а тут вайна. Потым – складаныя гады аднаўлення. У 1947 годзе завод тэхнічна пераўзброілі, гэта стала вялікай падзеяй для Кобрына.Уладзімір Башкіраў, Ефрасіння Лукіна, Андрэй Ноздрын, Стэфан Камендант, Альберт Шыяненка, Уладзімір Мулярчык – гэтымі імёнамі пісалася гісторыя прадпрыемства.Устаноўка, якой прытрымліваўся кожны з кіраўнікоў завода, - адпавядаць патрэбам часу. З гэтай мэтай у 1967 годзе пабудавалі новы Кобрынскі масласырзавод з магутнасцю 100 тон у суткі. Яна значна павялічылася, калі да прадпрыемства далучылі Драгічынскі масласырзавод, Дзівінскі і Антопальскі нізавыя заводы.
Пры дырэктару Ганне Жырмант, у 1984 годзе, прыйшла на працу галоўным інжынерам Вольга Янкоўская - цяпер намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях. У той год на заводзе пачаўся этап актыўнай рэканструкцыі і будаўніцтва. “Нам на перапрацоўку паступала 350 тон малака з раёна і 20 тон вяршкоў з Драгічына. На такі аб’ём сыравіны быў усяго адзін сепаратар з прадукцыйнасцю 10000 літраў у гадзіну. Ён працаваў круглыя суткі”, - расказвае Вольга Рыгораўна. Пытанне па сепаратарах было вырашана ў першую чаргу, як толькі на заводзе пачалася рэканструкцыя. Яе праводзілі зыходзячы з устаноўкі – выключыць начныя змены. Тады ж вырашылі і праблему з прыёмкай малака, пабудавалі прыёмна-мыйнае аддзяленне з лабараторыяй па вызначэнні якасці сыравіны. На вачах Вольгі Янкоўскай дынамічна развівалася ўпакоўка. “У асноўным тады выраблялі масла, таму заставалася шмат абястлушчанага малака, так званага адгону. Магутнасці мадэрнізаванай кацельні дазволілі вырашыць гэтую праблему. Мы пачалі будаваць цэх сухога абястлушчанага малака”, - успамінае Вольга Рыгораўна. Пасля запуску гэтага цэха, у 1990 годзе, Кобрынскі масласырзавод выйшаў на першае месца ў Беларусі па перапрацоўцы абястлушчанага малака і падсырнай сыроваткі. З цягам часу было вырашана нарасціць выпуск сырнай прадукцыі, з гэтай мэтай зрабілі рэканструкцыю ў сырцэху, мадэрнізавалі абсталяванне. Тэхнічнае пераўзбраенне працягвалася і з прыходам на пасаду кіраўніка прадпрыемства Веры Сляпухінай.З 2008 года на пасадзе дырэктара – Мікалай Місюк. Малады кіраўнік працягнуў традыцыі сваіх папярэднікаў. Сам добры дэгустатар, ён хутка засвоіў вытворчасць і павялічыў паказчыкі відаў сыроў амаль у тры разы. Шматлікія ўзнагароды дасведчанага кіраўніка, сярод якіх медаль “За працоўныя заслугі”, дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкуру “Чалавек справы–2014” у намінацыі “За павышэнне прэстыжу маркі “Зроблена ў Беларусі”, удзячнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, актыўную грамадскую дзейнасць сведчанне таго, што прадпрыемства развіваецца ў правільным накірунку. Па ініцыятыве Мікалая Сцяпанавіча зараз будуецца новы сыраробны цэх па выпуску цвёрдых і паўцвёрдых сыроў магутнасцю да 30 тон. Пасля ўвядзення яго ў эксплуатацыю прадпрыемства зможа перапрацоўваць да 400 тон малака ў суткі. Як заўважыла Вольга Янкоўская, гэта не проста цэх - гэта новы завод. А значыць, і новыя перспектывы для развіцця.Людміла ДУБІНА.Фота з архіва ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”.
Поделиться в соцсетях: