Хвалюючай мовай цела…
Або чым стрып-пластыка адрозніваецца ад стрыптызу?
- Тым, што стрыптыз – гэта калі танцоўшчыца прыгожа распранаецца пад музыку. А стрып-пластыка – зусім іншае. Танец, у якім дзяўчына не распранаецца, а робіць гэта толькі жэстамі, паўнамёкамі, усім сваім целам. І падобныя танцы вельмі прыгожыя, яны хвалююць, абуджаюць уяўленне, у іх няма ніякай пошласці.
Такі адказ на маё “правакацыйнае” пытанне прагучаў з вуснаў кіраўніка групы “Танцы” пры КСДЮШАР харэографа Ганны Маскалюк. Заняткі група пачала з пачатку года, сёння тут пастаянна займаюцца каля дванаццаці дзяўчат.
- Як узнікла такая ідэя? – усміхаецца шчыра Ганна, пераводзячы дыханне. Толькі што закончылася рэпетыцыя. Але кіраўнік, поўнасцю “выклаўшыся” разам са сваімі падапечнымі, ужо гатовы ўключыцца ў размову. – У маім асяроддзі шмат знаёмых, якія жадаюць весці актыўнае жыццё. Аднак не кожная дзяўчына можа наведваць спартыўную залу, дзе вялікія нагрузкі. Кагосьці не надта прывабліваюць бальныя танцы ці аэробіка. Так нарадзілася думка стварыць групу стрып-пластыкі.
- Але ж танцы – гэта не гульня ў лато, тут таксама даводзіцца затрачваць шмат сіл…
- Так, фізічныя нагрузкі ёсць і ў нас, але ў больш прывабнай форме. Пачыналі з таго, што прапанавала дзяўчатам спачатку заняцца агульнай фізічнай падрыхтоўкай. Адразу папярэдзіла: будзе цяжка. Яны згадзіліся. Праўда, некаторыя ў выніку адмовіліся, засталіся самыя актыўныя і трывалыя.
- У зале разам з дарослымі - маленькія дзеткі. Тыя, якіх няма магчымасці пакінуць дома?
- Амаль усе, хто займаецца стрып-пластыкай, - маладыя мамы, – заўважае Ганна. – Яшчэ як толькі пачыналіся заняткі, адразу сказала: мы – адзіны калектыў! Каб не было лішніх пропускаў, непаразуменняў, што, маўляў, няма з кім дзіця пакінуць, і гэтак далей. Было аб’яўлена: дзеці – не перашкода! Пакуль ідзе рэпетыцыя, ім ёсць тут чым заняцца. Дый жывы прыклад для дзіцяці: мама не абы чым займаецца, а танцуе – гэта ж выдатна!
- З якой самай вялікай цяжкасцю сутыкнуліся за гэты час?
- Памяшканне для заняткаў. Цяпер ёсць дагавор з валейбольнай залай спартыўнай школы, але тут нельга знаходзіцца на каблуках. А нашы танцы абавязкова патрабуюць каблук ды не маленькі! – зноў прыемна ўсміхаецца кіраўнік. – На шчасце, калі быў гарадскі конкурс “Ледзі Фітнес” у цэнтры “Атлант”, нас там заўважылі. Таму з часам плануем перабрацца з нашай групай стрып-пластыкі туды.
- Што бачыцца ў перспектыве?
- Вядома, хочацца, каб напачатку мы прагучалі на ўзроўні горада. Выступаць у трэніровачнай зале – адно. На сцэне ж, калі на цябе глядзяць і ацэньваюць сотні вачэй, – зусім іншае. А ўвогуле, нашымі дзяўчатамі вельмі задаволена. У групе няма раўнадушных, кожная хварэе за агульную справу, за вынік. Упэўнена, вы пра нас яшчэ пачуеце!
НА ЗДЫМКАХ: як і любая справа, стрып-пластыка патрабуе поўнай аддачы энергіі і сіл; кіраўнік і харэограф Ганна Маскалюк.
Цікавіўся стрып-танцамі і зрабіў здымкі Ігар СІДАРУК.