…Чырвоныя кветкі на чорным каменні, імёны на мармуровай дошцы, слёзы ў вачах маці і жонкі, якія так і не дачакаліся сваіх любых з той не зусім зразумелай вайны на далёкай афганскай зямлі. І мерныя ўдары звана – якія, здавалася, білі ў самыя сэрцы.
25-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана – дата, якая прымушае задумацца вельмі пра многае. Нягледзячы на тое, што тэма афганскай вайны сёння мае вельмі шмат самых разнастайных трактовак, відавочна адно – такія паняцці, як гераізм і патрыятызм, не залежаць ад часу, ад месца і палітычнага ладу. Яны, нібыта вечныя ўзоры паводзін чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі, праяўляюцца аднолькава – як сёння, так і стагоддзі таму. Як і на той вайне, дзе нашы суайчыннікі выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, і памяць аб якой і сёння жыве ў нашых сэрцах.- Я вельмі добра памятаю, як у 80-х, калі нам было каля дзесяці гадоў, мы ўжо добра ведалі назвы “Кундуз”, “Кандагар”, “Джэлалабад” – таму што там служылі нашы блізкія ці знаёмыя. Афганская вайна ўпісала радкі свайго сумнага летапісу ў многія беларускія сем’і, - адзначыў, выступаючы на мерапрыемстве, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Што ж датычыцца тых, хто прайшоў гэтую вайну, то можна сказаць з упэўненасцю, што сёння ветэраны Афганістана – гэта на самай справе моцны атрад, які вядзе зладжаную і арганізаваную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні нашай моладзі і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці.Пераемнасць пакаленняў была відавочнай і ў час мітынгу - побач з воінамі-інтэрнацыяналістамі стаялі зусім яшчэ маладыя хлопцы і дзяўчаты, вучні кадэцкіх і юрыдычных класаў СШ № 4. Гледзячы на сур’ёзныя позіркі гэтых зусім яшчэ маладых людзей у ваеннай форме, было відавочна – яны таксама разумелі ўсю ўрачыстасць моманту. А яшчэ чамусьці падумался аб тым, як усё ж такі добра, што сёння нашы салдаты нясуць службу толькі на сваёй зямлі. Што не ляцяць больш на Беларусь з далёкага замежжа “пахавальныя”, што “чорныя цюльпаны” засталіся толькі на камянях манументаў… Гонар і пашана вам, воіны-інтэрнацыяналісты, хто выканаў свой абавязак і вярнуўся дамоў. Вечная памяць загінуўшым, што адышлі ў вечнасць маладымі, назаўсёды застаўшыся вернымі прысязе і Радзіме.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]
Афганістан баліць у маёй душы…
Пад такой назвай у дзіцячай школе мастацтваў у мінулую суботу распачалася тэматычная праграма, прысвечаная Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 25-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Яшчэ да пачатку мерапрыемства кожны жадаючы меў магчымасць азнаёміцца з разнапланавай экспазіцыяй выставы “Афганістан: боль даўжынёй у чвэрць стагоддзя”, якая была арганізавана супрацоўнікамі музея імя А.В. Суворава. Архіўныя дакументы, кнігі, газеты і часопісы, успаміны воінаў не пакінулі раўнадушнымі.Адкрыў тэматычную праграму старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, які ў чарговы раз нагадаў прысутным воінам-інтэрнацыяналістам, іх жонкам, удовам і маці загінуўшых воінаў аб усіх маштабах той далёкай вайны, праз якую прайшлі 32 тысячы беларусаў. З іх 772 загінулі, 734 вярнуліся дадому інвалідамі… Не абышла гэтая вайна і Кобрыншчыну. У раёне пражываюць 575 воінаў-інтэрнацыяналістаў, з якіх 229 – члены РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Сёння тыя, каму пашчасціла выжыць, аб’ядналіся дзеля высакароднай мэты – захавання памяці аб гераічным мінулым землякоў. Актывісты афганскай арганізацыі зрабілі нямала добрых спраў. Толькі ў мінулым годзе было выдзелена 79 пуцёвак на аздараўленне мясцовым воінам-інтэрнацыяналістам, працаўладкаваны дзесяць саслужыўцаў. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што менавіта па гэтых важных напрамках неабходна яшчэ нямала папрацаваць і сёлета, пажадаў прысутным здароўя, дабрабыту і шчасця.Старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк выказала словы спачування і падтрымкі асабліва маці і ўдовам воінаў-інтэрнацыяналістаў. За асабісты ўклад у развіццё ваенна-патрыятычнага выхавання на Кобрыншчыне Таццяна Аляксееўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў намесніку старшыні РА ГА “БСВВА” Андрэю Меленчуку.Ваенны камісар Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята Ігар Круглоў зачытаў загад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь № 50 ад 27 студзеня 2014 года і ўручыў афіцэрам запасу, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, новенькія пагоны і павіншаваў з прысваеннем чарговых воінскіх званняў. Старшыня РА ГА “БСВВА” Алег Кацюба за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з 25-годдзем вываду савецкіх войскаў з Афганістана ўручыў медалі “За заслугі” другой ступені актывістам арганізацыі.З рук Аляксандра Зазулі атрымалі падарункі маці і ўдовы загінуўшых воінаў.Завяршылася тэматычная праграма канцэртам лепшых самадзейных артыстаў Кобрыншчыны.
Раман МЕЛЬНІК.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: