Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

Кірмашы запрашаюць

09/10/2019

На Кобрыншчыне распачаўся сезон сельскагаспадарчых кірмашоў, першы з іх прайшоў каля гандлёвага цэнтра “Палессе”. Што і па якой цане можна было набыць на кірмашы, каб папоўніць запасы на зіму, карэспандэнт “КВ” высвятляў на месцы падзеяў.

Садавіна, агародніна, збожжа, камбікорм, малочная прадукцыя, мясныя паўфабрыкаты, жывая рыба, мёд, вырабы лёгкай прамысловасці - здавалася, тут можна было купіць усё. Шчыльнымі радамі выстраіліся прадаўцы бульбы, якая ў гэты дзень стала каралевай кірмашу. Бульба і морква цаніліся ад 0,50 да 0,60 рубля, цыбулю можна было купіць па цане ад 0,5 да 0,8 рубля за кілаграм, капусту - ад 0,45 да 0,70 рубля, яблыкі - ад 0,95 да 2 рублёў. Сярод 190 удзельнікаў - сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Кобрыншчыны: ААТ “Батчы”, ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”, ААТ “Агра-Кобрынскае”, Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя, ААТ “Гарадзец-агра” і многія іншыя. Саджанцы і мёд прапанаваў пакупнікам Кобрынскі доследны лясгас. Побач стаялі гандлёвыя кропкі гасцей – у тым ліку мясныя паўфабрыкаты і яблыкі прывезлі аграрыі з ААТ “Жураўлінае” з Пружаншчыны, бульбу і цыбулю – ААТ “Опаль-Агра” з Іванаўскага раёна, карысталася попытам і прадукцыя Жабінкаўскага камбікормавага завода. У кірмашы паўдзельнічалі і гаспадары ўласных падворкаў. Так, Марыя і Міхаіл Петрань з вёскі Дабучын Пружанскага раёна прывезлі каля 20 гатункаў вінаграда, вырошчваннем якога сям’я займаецца больш чым 20 гадоў. Як адзначыла Марыя Афанасьеўна, пакупнікі на Кобрыншчыне вельмі актыўныя – наліўныя гронкі хутка раскупаліся.

Але пакункі яшчэ патрэбна даставіць дадому. Для тых, хто не меў асабістага транспарту, працавала сацыяльнае таксі ад Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якое ажыццяўляла дастаўку ў межах горада. Дапамагалі людзям і валанцёры ГА “БРСМ” з атрада “Добрыя сэрцы” Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання. Трэба адзначыць, што паслуга карысталася высокім попытам, а валанцёры ў гэты дзень заслужылі шмат цёплых слоў ад пакупнікоў, асабліва сталага ўзросту.

12 і 19 кастрычніка з 8.00 да 15.00 гадзін сельскагаспадачыя кірмашы адбудуцца па вуліцы Дзяржынскага (каля “Дома гандлю”), на плошчы Матросава і па вуліцы Настасіча (каля магазіна “Чырвонец”).Дзмітрый БЯЛОЎ. Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: кабрынчане на святочным кірмашы.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу