Чт, 23 мая 2024
Прогноз погоды

IV велафестываль “Viva РОВАР” сабраў пад свае сцягі ў Кобрыне аматараў здаровага ладу жыцця

04/08/2020

IV міжнародны велафестываль “Viva РОВАР” сабраў пад свае сцягі ў Кобрыне аматараў здаровага ладу жыцця з Брэсцкай вобласці. Плошча Леніна 1 жніўня стала яркім цэнтрам веласіпеднага руху. Па прыкладных падліках удзел у мерапрыемстве прынялі каля 400 чалавек. Фэст наведала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Брэсцкай вобласці, старшыня Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатлікава.

Старт калоны ўдзельнікаў свята на вуліцы Пушкіна.

Пад апладысменты прысутных, якія амаль што запоўнілі ўсю плошчу, велафестываль адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён адзначыў, што веласіпед – самы бяспечны, экалагічны і зручны транспарт, і Кобрын недарна называюць веласіпеднай сталіцай Брэстчыны: у нашым горадзе створана выдатная інфраструктура для веласіпедыстаў. Прывітальную эстафету падхапіла Тамара Шатлікава, якая пажадала ўсім удзельнікам выдатнага настрою.

Фініш калоны ўдзельнікаў свята на вуліцы Леніна.

Самая юная веласіпедыстка – Іларыя Ялец.

- Аб тым, што на Кобрыншчыне праводзяцца такія фестывалі, я даведалася напрыканцы мінулага года, - расказвае Тамара Анатольеўна.  – Тады і было прынята рашэнне, што чарговы “Viva РОВАР” пройдзе з удзелам нашых адвакатаў, тым больш што мы захапляемся веласпортам.

Тамара Шатлікава.

Велафэст распачаўся з самай відовішчнай часткі – велакарнавала, які пасля інструктажу інспектара ДПС Вадзіма Назарука рушыў па вуліцах горада. У адной калоне ехалі заслужаныя ветэраны спорту і моладзь, прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Выставу больш цяжкай двухкалёснай тэхнікі па перыметры плошчы прадставілі кобрынскія матацыклісты. Пад апладысменты прысутных кіраўнік прэс-службы інфармацыйна-асветніцкай установы “За вела-Брэст” Марына Чыж уручыла Лісты падзякі за развіццё і папулярызацыю веласіпеднага руху кобрынскім клубам “Свежы вецер”,  “ПРАрух” і “Кобрын-2”.

Лепшая веласіпедная сям’я кабрынчан Аляксея і Алесі Сявасцьянчук.

Каманда СТАА “ВП Палессе”.

“Viva РОВАР” на Кобрыншчыне актыўна падтрымалі. Партнёрамі фестывалю сталі Кобрынскі райвыканкам, грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і “БРСМ”, ААТ “Кобрынскі МСЗ”, СТАА “ВП Палессе”, філіял ААТ “Берасцейкі пекар” Кобрынскі хлебазавод, букмекерская кантора “МарафонБет”, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, парк імя А.В. Суворава, установа “За вела-Брэст”.

Удзельнікі конкурса “Самы крэатыўны веласіпедыст”.

Пасля фінішу надышоў час цікавых конкурсаў, якія патрабавалі ад удзельнікаў як індывідуальнага майстэрства, так і каманднага духу – ва ўпартай барацьбе спаборнічалі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы адукацыі. Самыя яркія крэатыўныя вобразы веласіпедыстаў у гэты раз стварылі Ірына Чырук з брэсцкага клуба “Радзея” і Андрэй Шпак з Кобрынскай ЦРБ. Тытул лепшай веласіпеднай сям’і заваявала шматдзетная сям’я Аляксея і Алесі Севасцьянчук. Самай юнай веласіпедысткай стала кабрынчанка Іларыя Ялец (2 гады 10 месяцаў), а самымі сталымі - кабрынчанка Лідзія Каралёва (67 гадоў) і пастаянны ўдзельнік кобрынскіх велафэстаў - Мікалай Юхімук з Маларыты (71 год), які за мінулы год праехаў на веласіпедзе 15 тысяч кіламетраў.

Панарама свята.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости