Сб, 08 февраля 2025
Прогноз погоды

История для ученика 11 “Б” класса города Кобрина Дмитрия Грыкеня не просто учебный предмет, это смысл его жизни

14/04/2016

Калі хочаш і можаш
Гісторыя для вучня 11 “Б” класа гімназіі горада Кобрына Дзмітрыя Грыкеня не проста вучэбны прадмет, гэта сэнс яго жыцця. Напэўна, такое стаўленне і прынесла свой плён: з заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, якая адбылася з 20 па 25 сакавіка ў Гродне, кабрынчанін вярнуўся дыпламантам 2-й ступені.
Прыхільнасць да гісторыі Дзмітрый тлумачыць проста: “Гэта прадмет, які не трэба завучваць”. Добрая логіка і аналітычны склад розуму дазваляюць яму разумець сутнасць падзей, якія мелі месца на тым ці іншым гістарычным этапе. Больш за тое, ён бачыць аналогію паміж імі.
Да таго ж любімы прадмет выкладае дасведчаная настаўніца, якая мае добры аўтарытэт педагога не толькі ў вачах свайго вучня, але і кіраўніцтва. Толькі ў гэтым годзе Святлана Васілюк падрыхтавала 7 пераможцаў раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, за што і была ўзнагароджана граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама. Выдатныя вынікі Дзмітрыя Грыкеня яе не здзівілі, наадварот, у чарговы раз упэўнілі, што па працы і ўзнагарода. Яна ведае вучня з 5 класа, на яе вачах хлопчык старанна спасцігаў межы бязмежнай гістарычнай навукі. Настаўніца адзначыла, што яго веды ў вобласці гісторыі заўсёды адрозніваліся ад ведаў аднакласнікаў, цяпер жа яны не ўступаюць студэнцкаму ўзроўню.
Трыумфу Дзмітрыя на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі папярэднічалі перамогі на раённым і абласным узроўнях. Пачынаючы з 2013 года ён стаў нязменным уладальнікам першых месцаў на раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, а ў мінулым годзе набыў вопыт выступлення “на рэспубліцы” па гісторыі. За выдатную вучобу, а на фінішную прамую Дзмітрый выйшаў з сярэднім балам  9,2, яго фотаздымак упрыгожвае школьную дошку гонару “Нашы дасягненні”.
Перамога на рэспубліканскай алімпіядзе адкрывае Дзмітрыю неблагія перспектывы. Гарачая ўступная кампанія, якая ўжо “на носе” і не сыходзіць з вуснаў як сёлетніх выпускнікоў, так і іх бацькоў, для Дзмітрыя Грыкеня закончылася, так і не пачаўшыся.  Ён аўтаматычна становіцца студэнтам першага курса гістарычнага факультэта БДУ, куды яшчэ нядаўна марыў паступіць. У планах юнака атрымаць неабходную кваліфікацыю, каб на прафесіянальным узроўні прысвяціць сябе гістарычнай навуцы. Як адзначыла Святлана Аляксееўна, у якасці настаўніка Дзмітрый ужо рэалізаваўся: для яе ён добры памочнік у традыцыйных днях школьнага самакіравання.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: творчы тандэм настаўніка і вучня – Святлана Васілюк і Дзмітрый Грыкень.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу