Ужо заканчваецца снежань, і радаснае чаканне ў сэрцы ўсё гучней і гучней: хутка Новы год, цудоўнае чароўнае свята. З’явяцца ёлкі ў зорках, апельсіны ў крыштальных вазах, схаваюцца на далёкую паліцу падарункі для дзяцей, і зноў будзе падстава на вушка лёсу прашаптаць запаветнае жаданне….
На жаль, зрабіць усё гэта - справа нялёгкая. Каб усё паспець у патрэбны час і не стаміцца, дапамагчы нашым чытачам падрыхтавацца да свят, за кансультацыяй мы звярнуліся да начальніка аддзела гандлю райвыканкама Наталлі Сакалачка.
- У апошнія гады святочны продаж тавараў ідзе актыўна. Усяго ў снежні ў гандлёвых арганізацыях плануецца правесці больш як 2 сотні акцый з уручэннем пакупнікам прызоў і падарункаў. Спецыяльная выкладка тавараў навагодняй тэматыкі, сувеніры, штогадовае ўдасканальванне афармлення аб’ектаў гандлю дапамогуць стварыць пакупнікам святочны настрой. Да Новага года рыхтуецца некалькі навагодніх сюрпрызаў. Усе гандлёвыя прадпрыемствы горада, магазіны ААТ “ГП “Надзея”,”Універмаг Кобрын”, ААТ “Кобрын-Сэрвіс”, УП “Нашы вытокі” падрыхтавалі шматлікія скідкі, распродажы і акцыі. Некаторыя магазіны, якія гандлююць буйнагабарытнымі таварамі, бытавой тэхнікай, мэбляй, закупілі вялікі асартымент навагодніх падарункаў, якія будуць уручаць кожнаму пакупніку.
Традыцыйны навагодні вечар немагчымы без вясёлых “блакітных агеньчыкаў” і цікавых тэлешоу - якраз добрая падстава купіць тэлевізар. І не абавязкова ехаць у Брэст у “Карону” ці “Пяты элемент”. У пераднавагоднія дні, каб атрымаць скідку ад 5 да 10%, дастаткова зайсці ў магазіны ААТ “Кантар-сэрвіс”, дзе прадстаўлены ўсе навінкі бытавой тэхнікі, гама суперсучасных тэлевізараў с вадкакрышталічнымі экранамі, якія задаволяць самых патрабавальных і прыдзірлівых пакупнікоў. Напрыклад, калі цана вялікага плоскага тэлевізара тры мільёны, то скідка 10% - гэта 300000 беларускіх рублёў, можна прыгатаваць святочны стол за такія грошы.
У многіх магазінах прадуктаў харчавання, напрыклад, у гандлёвых аб’ектах УП “Нашы вытокі” будуць праведзены выставы–продажы з дэгустацыямі кандытарскіх вырабаў уласнага прыгатавання ў навагоднім тэматычным афармленні.
Таксама, як і летась, у нашым горадзе будуць арганізаваны пераднавагоднія кірмашы. 24 і 30 снежня - у раёне магазіна “Дзіцячы свет” і магазіна №5 ААТ “Кобрын-Сэрвіс” па вуліцы Леніна і 26 снежня - на цэнтральным рынку. Тут вы зможаце не толькі купіць паўфабрыкаты, гатовыя кулінарныя і кандытарскія вырабы, але і паспрабаваць іх, зрабіць заказ на пэўную колькасць і ў патрэбны вам час забраць пакупку.
А для тых, хто захоча сустрэць Новы год весела і шумна, прадпрыемствы грамадскага харчавання падрыхтавалі цікавыя святочныя праграмы, мноства сюрпрызаў, вытанчаных навагодніх страў, паспрабаваўшы, якія вы атрымаеце надзвычайную асалоду. Цэны разлічаны на розны даход.
Шчасліва вам падрыхтавацца да навагодніх святаў, паважаныя чытачы! Адпраўляйцеся за пакупкамі зараз, і, магчыма, у гэтым годзе вам пашанцуе, і сярод гэтай вялікай колькасці сюрпрызаў і падарункаў вы знойдзеце свайго Дзеда Мароза.
Алёна БЛЮДНІК.
Поделиться в соцсетях: