Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

Гульня ФК «Кобрын» атрымалася зорнай!

01/06/2014

Такім трапным і эмацыянальным выразам нехта з кобрынскіх балельшчыкаў ахарактарызаваў чарговы матч другой лігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь паміж футбольнымі клубамі “Кобрын” і “Лівадзія” (г. Дзяржынск), які адбыўся нядаўна на стадыёне “Юнацтва”. У той дзень падтрымаць нашу каманду прыйшлі шматлікія балельшчыкі. Шмат было моладзі ў фан-сектары, што красамоўна сведчыць аб высокай папулярнасці ў Кобрыне гэтай гульні.

Літаральна з першых хвілін стала зразумела, што кабрынчане не збіраюцца “адсіджвацца” на сваёй палове поля. Ужо на 15-й, а потым і на 18-й хвілінах былі створаны вострыя моманты каля варот сапернікаў. 21-я хвіліна закончылася бліскучым голам у выкананні аднаго з лідараў нашай каманды Ігара Брыштэля. Неўзабаве ён забіў яшчэ адзін мяч. Кабрынчанін Аляксандр Гугнюк развіў гэты поспех і забіў трэці гол у вароты “Лівадзіі”. У другім тайме госці “размачылі” лік. Але Ігар Брыштэль ізноў не пакінуў шансаў канкурэнтам і павялічыў адрыў на два мячы. Кабрынчане пераканаўча перамаглі з “хакейным” лікам 5:1.Адразу ж пасля матча Ігар Брыштэль паведаміў “КВ”, што ён выйшаў на поле з цудоўным настроем, адчувалася моцная падтрымка трыбун, пазітыўная энергетыка і пераможны дух кожнага члена каманды. Сакрэт бліскучага футбола просты – верыць у свае сілы і штодзённа працаваць над сабой, павышаць сваё майстэрства. У бягучым сезоне наш зямляк далучыцца да пастаянага саставу нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе і самарскай каманды “Крылы Саветаў”, з якой будзе змагацца за лідарства ў чэмпіянаце Расіі.Паводле слоў старшыні ФК “Кобрын” Сяргея Кожуха, наша каманда з усёй адказнасцю рыхтавалася да бягучага сезона. Першую гульню сёлета кабрынчане правялі з камандай “Беліта Вітэкс” (Узда), якой прайгралі з лікам 1:3. Потым – перамога ў Гродзенскага ФК “Нёман” – 2:1. У напружанай гульні з ФК “Баранавічы” нашай дружыне не ўдалося заваяваць перамогу. У выніку гульня завяршылася з лікам 1:3. Дарэчы, сёлета свае заяўкі на ўдзел у другой лізе падалі 24 каманды, што ў два разы больш, чым летась. Канкурэнцыя абяцае быць жорсткай. Тым не менш, Сяргей Кожух адзначае, што кожны ігрок будзе прыкладваць максімум намаганняў, каб заваяваць пуцёўку ў першую лігу. Старшы трэнер каманды Георгій Бровін рупліва правёў адбор ігракоў, распрацаваў новую гульнявую тактыку з акцэнтам на вострыя контратакі. У чэрвені ФК “Кобрын” гуляе ў гасцях. “Хварэем” за нашых!Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: Ігар Брыштэль сваім чарговым маланкавым голам збівае з панталыку сапернікаў. Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: