Прогноз погоды
Сб, 26 апреля 2025

Гасцініца “Беларусь”: выбар у бок якасці

09/09/2009

    Горад рыхтуецца да рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі-2009”. Дабудоўваюцца новыя аб’екты, уносяцца апошнія рысы ў выгляд вуліц, прыбіраюцца сляды рамонтных работ. Хутка можна будзе сустракаць гасцей.А дзе чакаюцца госці, там павінна быць і добрая гасцініца. Мы наведалі гасцініцу “Беларусь”, дзе зараз заканчваецца рэканструкцыя агульным коштам каля 6 мільярдаў рублёў. Аб тым, як ідуць справы ў месцы адпачынку іншагародніх, распавядае начальнік участка гасцінічнага абслугоўвання КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Людміла ВІЦЯНКОВА:

    - Можна адзначыць, што на сённяшні дзень усе работы па рэканструкцыі закончаны. Ідзе ўборка памяшканняў, рыхтуемся да прыёму новай мэблі, якая зробіць быт нашых гасцей яшчэ больш утульным і камфортным. Сапраўды, гасцініцу не пазнаць – як звонку, так і ўнутры. Замест старога шэрага фасаду - стыльныя элементы з вітражнага шкла і бетону. Прыемна здзіўляе і фае – замест велізарнай пустой прасторы тут былі зманціраваны прыгожыя аркі, бліжэй да ўваходу цяпер знаходзіцца і памяшканне адміністратара. Усё пафарбавана ў цёплыя аранжава-карычневыя колеры, устаноўлены новыя дзверы і вокны.

    Але самыя галоўныя змены адбыліся, безумоўна, непасрэдна ў нумарах. Па-першае, іх стала менш – з 66 засталося толькі 30, адпаведна зменшылася колькасць месцаў – са 100 да 45. Выбар быў зроблены на карысць якасці – у гасцініцы з’явілася новая сантэхніка, заменена электраправодка, сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, зманціравана сістэма супрацьпажарнага апавяшчэння. Зніклі так званыя нумары трэцяй і другой катэгорыі. Зараз катэгорый будзе толькі дзве - першая і вышэйшая, у апошняй, дарэчы, акрамя душа, будзе яшчэ і ванна. На першым паверсе зроблены два нумары для інвалідаў, у якіх будуць створаны ўсе ўмовы для пражывання асоб з абмежаванымі магчымасцямі. А мяккае дывановае пакрыццё на падлозе нумароў, у якім літаральна тонуць ногі, плюс вадкакрысталічны тэлевізар і кабельнае тэлебачанне ў кожным нумары зробяць адпачынак на самой справе камфортным і адпаведным сучасным нормам. Ёсць у новай гасцініцы і свае апартаменты – вялікі трохпакаёвы нумар, дзе ўсё будзе, што называецца, на вышэйшым узроўні – вялікія светлыя пакоі, мэбля з драўлянага масіву, прыгожае афармленне інтэр’еру. Цяпер, як кажуць, і самых паважаных гасцей сустрэць не сорамна.

    Дзмітрый БЯЛОЎ. Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу