2020 год азнаменаваны значнай гістарычнай падзеяй –75-гадавінай Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На працягу года наша краіна рыхтавалася да гэтага вялікага свята. На жаль, пандэмія каранавірусу ўнесла пэўныя карэкціроўкі ў правядзенне масавых мерапрыемстваў. Як пройдзе святкаванне Дня Перамогі на Кобрыншчыне, расказвае намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.
- Так, сапраўды, у сувязі з сітуацыяй па каранавірусе, якая склалася ў свеце, было вырашана ўстрымацца ад правядзення масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі горада і раёна, у тым ліку і ад маштабнага святкавання 9 мая 75-й гадавіны Вялікай Перамогі. Нягледзячы на гэта цёплых слоў удзячнасці ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і тым, хто загінуў на роднай зямлі і на чужыне дзеля нашай незалежнасці, будзе не менш, проста святкаванне пройдзе крыху ў іншым фармаце.
9 мая ў 11 сельскіх саветах Кобрынскага раёна каля месцаў воінскіх захаванняў і брацкіх магіл, а таксама ў скверы імя Арсенія Марозава ў Кобрыне адбудзецца ўрачыстае ўскладанне вянкоў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі мясцовых улад.
Ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі горада і раёна, будуць уручаны юбілейныя медалі “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. У рамках акцыі “Салдаты Перамогі” кожны ветэран па месцы пражывання атрымае і асабістыя віншаванні. Песні ваенных гадоў, якія выканаюць работнікі ўстаноў культуры, і каштоўныя падарункі стануць для іх прыемным сюрпрызам.
Масавага шэсця святочнай калоны і акцыі “Беларусь памятае” 9 мая не будзе. Калі сітуацыя па каронавірусе зменіцца да лепшага, то гэтыя мерапрыемствы адбудуцца або 3 ліпеня – у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, або ў Дзень горада (3-я нядзеля ліпеня).
Я віншую нашых ветэранаў з Вялікай Перамогай і жадаю ім моцнага здароўя. Мы помнім ваш подзвіг, шануем памяць, ганарымся і бяром з вас прыклад, вучымся ў вас, як супрацьстаяць выпрабаванням. Мы заўсёды з вамі ў адным страі.
Запісала Алена БАКУН.
Поделиться в соцсетях: