Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

Дзень без аўтамабіля пройдзе ў Кобрыне 22 верасня

22/09/2011 Закон и право

У гэты дзень кобрынская райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае прыйсці на работу пешшу ці пад’ехаць грамадскім транспартам. Для зручнасці па горадзе будуць курсіраваць дадатковыя аўтобусы.

Акрамя дадатковых аўтобусаў у сам дзень, да 22 верасня ў Кобрыне, паводле інфармацыі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будуць абсталяваны месцы стаянак (часовага захоўвання) веласіпедаў на аб’ектах гандлю, установах адукацыі, прадпрыемствах горада і раёна.

Таксама на прадпрыемствах і ўстановах адукацыі плануюцца гадзіны інфармацыі, прысвечаныя акцыі “Дзень без аўтамабіля”.

22 верасня ў горадзе пройдуць паказальныя акцыі па вызваленні дваровых тэрыторый ад кінутых няспраўных транспартных сродкаў. А таксама будзе наладжаны ўзмоцнены кантроль за выкідамі.

У розных рэгіёнах рэспублікі плануецца правядзенне наступных акцый: агітацыйная кампанія “Пакінь аўтамабіль дома” і “Падвязі суседа”, будзе бясплатны праезд у грамадскім транспарце 22 верасня для тых, хто пакажа вадзіцельскае пасведчанне.

- У гэты дзень пастарайцеся абысціся без аўтамабіля. Мы заклікаем усіх аўтамабілістаў далучыцца да акцыі, - кажуць у раённай інспекцыі.

Нагадаем, што доля транспарту ў сумарных выкідах забруджваючых рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц дасягае 72% (у гарадах – 65-80%). У сярэднім за дзень у Беларусі ў атмасферу выкідваецца з адпрацаванымі газамі каля 3500 тон забруджваючых рэчываў. У іх склад уваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў і інш.

Гэтыя рэчывы, што ўтвараюцца з выхлапаў рухавіка аўтамабіля, прадуктаў зносу механічных частак, пакрышак, дарожнага пакрыцця, праходзячы разнастайны шлях размеркавання ў экасістэме, урэшце шкодзяць  прыродзе і чалавеку, наносячы ім пэўны ўрон.

Як паказвае дослед краін Еўропы, вырашыць гэтую праблему без прыцягнення насельніцтва немагчыма. З гэтай мэтай практычна ва ўсіх краінах Еўропы праводзяцца дні без аўтамабіля.

Настасся ЗАНЬКО.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу