У маі ў пасёлку Целяханы Брэсцкай вобласці праходзіў штогадовы міжнародны трофі-рэйд “Дрыгва-2013”, у якім прынялі ўдзел 114 экіпажаў аўтамабіляў і квадрацыклаў з Беларусі, Расіі і Літвы, што з’яўляецца своеасаблівым рэкордам. На працягу шэрагу гадоў рэгулярным удзельнікам гэтага захапляючага спаборніцтва з’яўляецца вопытны аўтамабіліст кабрынчанін Уладзімір Яромін. Разам са штурманам Уладзімірам Юшчыкам ён падрыхтаваў да гэтых стартаў свайго “чатырохколавага сябра” – джып “Судзукі Самурай”.
Арганізатары трофі-рэйду – брэсцкі клуб аўтааматараў “Цытадэль” - выбралі для прыхільнікаў экстрыму, на першы погляд, непраходныя трасы. Кабрынчане прынялі ўдзел у дысцыпліне ТР-1 (аўтамабілі без мадыфікацый). Ім было неабходна за суткі пераадолець дыстанцыю ў 200 кіламетраў, якая была пракладзена па лесе і моцна забалочаных участках з глыбокімі ямамі.
Як сведчыць Уладзімір Яромін, іншага ад “Дрыгвы” чакаць і не прыходзілася. Арыентаваліся кобрынскія аўтамабілісты па GPS-навігатары. На шляху трэба было праходзіць кантрольныя кропкі з абавязковай фотафіксацыяй.
- Ведаеце, адным з самых складаных выпрабаванняў, напэўна, для многіх удзельнікаў “Дрыгвы” былі… камары, колькасць якіх “зашкальвала”, асабліва ў лесе. Аніякія антымаскітныя сродкі не дапамагалі. Але на гэтым ўвагу не засяроджвалі, - расказвае Уладзімір Яромін. - Галоўная задача, якая стаяла перад кожным, – дайсці да фінішу за адведзены час. Дарэчы, мы разам з маім штурманам прайшлі праз усе кантрольныя кропкі і паспяхова пераадолелі дыстанцыю не за 24, а за 16 гадзін.
У выніку кобрынскі экіпаж “Судзукі Самурай” у сваёй дысцыпліне заваяваў першае месца. На другім месцы – каманда з Санкт-Пецярбурга, трэцяе месца – у аўтамабілістаў з Віцебска. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад арганізатараў спаборніцтва.
Цяпер Уладзімір Яромін і Уладзімір Юшчык рыхтуюцца да наступнага трофі-рэйду “Паплавы”, які адбудзецца ў чэрвені на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Пажадаем нашым землякам чарговай перамогі!
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: Уладзімір Яромін на чарговай кантрольнай кропцы “Дрыгвы”; цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў. На верхняй прыступцы п’едэстала – кабрынчане!
Фота з архіва Уладзіміра Яроміна.
Поделиться в соцсетях: