Прогноз погоды
Пн, 16 июня 2025

– Ці помню я вайну? – мая гераіня падымае з талеркі акрайчык хлеба, зграбае ў далоні крошкі, што насыпаліся з яго, і беражліва прыкладае іх да губ, цалуе і толькі пасля гэтага кладзе ў рот і старанна перажоўвае. – Былі дні, і гэта былі ваенныя дні, калі макавай расінкі ў роце не трымала…

Соф’я Вецэль – малалетні вязень Вялікай Айчыннай вайны. У маі яна адсвяткуе свой 85-ы год нараджэння, чаму пасля ўсяго перажытага сама не верыць.

Сям’я Краўчук – гаспадар, жонка і пяцёра дзяцей – жылі ў вёсцы Чадзель на Пружаншчыне.

– Калі пачалася вайна, першымі ў вёсцы паявіліся партызаны. Мы ім дапамагалі. Бацькі кармілі іх, на начлег пакідалі. А потым прыйшлі немцы і даведаліся, што ў вёсцы часта бываюць партызаны, – спыняецца на хвіліну Соф’я Фёдараўна… – У той дзень фашысты ўчынілі аблаву. Сагналі ўсё мужчынскае насельніцтва – мой бацька якраз на рабоце быў, пагрузілі ў машыны і павезлі ў Белавежскую пушчу. Вясковец, якому цудам удалося збегчы, расказаў, што здарылася ў пушчы, – палонных усіх расстралялі. Ён папярэдзіў, каб людзі, хто можа, хаваліся ў лесе, бо на гэтым бяда не спыніцца.

Так яно і здарылася. Краўчукоў выдалі здраднікі, якія данеслі, што тыя таксама дапамагалі партызанам. Усю сям’ю пагрузілі на павозку. Не пашкадавалі нават, што на руках у гаспадыні было грудное дзіця, – малодшая Ніна нарадзілася напярэдадні вайны 7 чэрвеня. Хату і ўсю гаспадарку падпалілі.

– Брат Мікалай, як убачыў ахоплены агнём хлеў, выскачыў з павозкі і пабег, каб выпусціць каня. Немцы падумалі, што ён уцячы хоча, хацелі ўжо страляць… Ведаючы, што здарылася з вяскоўцамі, мы таксама чакалі такой жа долі – прывязуць у пушчу і расстраляюць, – расказвае субяседніца.

Але сям’ю Краўчук прывезлі на чыгуначную станцыю, дзе было шмат такіх жа сем’яў, трымалі там некалькі дзён, ежы ні-якай не давалі.

– Маці плакала, каб каго з дзяцей адпусцілі папрасіць кавалак хлеба ў мясцовых жыхароў. На што фашысты крычалі: «Ты партызанаў карміла – не пушчу». Мы падбіралі за немцамі шкарлупу ад яек, шукалі лупінне ад бульбы. Жылі ў страху, што хутка расстраляюць. Але ў фашыстаў на нас былі другія планы. Праз некалькі дзён усіх, хто быў на станцыі, пагрузілі ў таварняк і павезлі. Куды – ніхто не ведаў. Адно толькі разумелі, што вырвацца з пасткі ўжо немагчыма і ў любую хвіліну цябе можа напаткаць смерць – ад варожай кулі або ад голаду… – успамінае жанчына.

Колькі дзён так ехалі, Соф’я Фёдараўна ўжо не помніць. Помніць толькі крыкі, енкі ў таварняку і як злаваліся фашысты – загадвалі супакоіць дзяцей.

– А як іх супакоіць, калі яны ад голаду крычаць, а пакарміць няма чым? – Ад бацькоў я чула, як называлася мясцовасць, куды нас прывезлі. Зараз ужо не выгавару – першае слова Альт… Бацька працаваў на заводзе, маці займалася гаспадаркай – карміла свіней, даіла кароў, старэйшыя дзеці таксама дапамагалі па гаспадарцы. Нас, малых, сям’я, на якую мы працавалі, застаўляла вучыцца ў іх дзяцей нямецкай мове, – згадвае жанчына. – Нацярпеліся ўсяго, адно ратавала, што такога голаду, як у дарозе, калі ехалі да месца, не было. Бацькам выдалі карткі, па якіх яны маглі купіць прадукты. Гэтага было мала на вялікую сям’ю, але неяк жылі…

Так батрачыла на чужыне сям’я Краўчук тры гады. А потым для вязняў пачалося нешта незразумелае:– Чырвоная армія падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй да Берліна, вайна павінна была хутка скончыцца. Але мы пра гэта не ведалі – гаспадары маўчалі. Аднойчы ў мястэчка прыехалі немцы, яны сагналі ўсіх мужчынвязняў на машыны і бацьку таксама. Брат Лёня ўчапіўся пальцамі за кузаў, плакаў і крычаў «Тата, татачка», маліў не забіраць яго, а маці стаяла разгубленая з малой Нінай і яшчэ меншым брацікам на руках, які ўжо нарадзіўся ў нямецкім палоне. Немцы білі прыкладам аўтамата па пальцах, а ён не хацеў іх адрываць, – расхваляваная, Соф’я Фёдараўна выцірае слезы: – У адным з фільмаў неяк убачыла падобны малюнак, пасля гэтага зусім не магу глядзець кіно пра вайну, згадваецца тое, што бачыла на свае вочы, і ўсё, што перажыла наша сям’я.

Праз некалькі дзён прыехалі ў мястэчка і за жанчынамі з дзецьмі:

– Нас прывезлі на нейкі разбураны завод, размясцілі на другім паверсе. Там быў жах. Не ведаю, як дзіцячая псіхіка змагла толькі вытрымаць убачанае.

Сотні палонных, акрываўленыя параненыя, без рук, ног, з вывернутымі вантробамі... Праз некалькі дзён на завод прыйшлі дзве нямецкія жанчыны. Яны паглядзелі на маці і паклікалі яе да сябе. Яна аддала камусьці з нас немаўля, якое трымала на руках. Тады адна з жанчын сказала, каб забірала ўсіх дзяцей і ішла за імі. Як мы потым даведаліся, завод хацелі ўзарваць, а гэтыя жанчыны рашылі выратаваць хоць каго-небудзь, каб потым да іх лепш наша армія адносілася. Жылі ў нямецкай сям’і, пакуль у мястэчка не прыйшла Чырвоная армія. Помню, як салдаты зайшлі ў дом, дзе мы жылі, спыталі, як сюды трапілі. Мы расказалі, што дапамагалі партызанам і нас вывезлі за гэта на Нямеччыну. Яны прынеслі прадукты, але сказалі, каб адразу многа не елі. А я глядзела на прысмакі і не магла зразумець, чаму не магу з’есці столькі, колькі хачу. Потым нас запрасілі ў штаб да нейкага важнага чалавека ў ваеннай вопратцы. Не ведаю, ці праўда, але ў сям’і гаварылі, што гэта быў сам маршал Георгій Жукаў. Ён спытаў, ці хочам мы вярнуцца на Радзіму. Маці заплакала: «Дзяцей на сябе пасадзіла б і на крылах паляцела, няхай нават на тое папялішча, што засталося ад дома». Нам выдалі нейкія паперы, далі павозку з коньмі, нагрузілі прадуктаў і адправілі на Радзіму. Сказалі ехаць тымі дарогамі, па якіх ідуць нашы войскі. Кароткага шляху не шукаць, бо ў акрузе шмат дыверсантаў. Мы перажывалі за бацьку, не ведалі жывы ён ці не. І калі былі на прыёме, маці спытала ў ваенных, можа, яны што ведаюць. Тыя паглядзелі па дакументах і сказалі, што ён жывы, толькі паранены – ляжыць у шпіталі. Запэўнілі, што ў хуткім часе ён вернецца дадому, – у словах маёй гераіні адчуваўся боль.

Шлях дадому быў цяжкім. Вакол грымелі яшчэ снарады, падбадзёрвала спакутаваную сям’ю тое, што засталіся жывымі і хутка адчуюць пад нагамі родную зямлю.– За намі следам ехала яшчэ адна павозка з сям’ёй. Не ведаю, як так здарылася, але конь іх неяк звярнуў з дарогі. Можа, чаго спужаўся і трапіў на міну. Мы ўбачылі толькі выбух – ніхто не выжыў. А яны ж таксама ўжо думалі, што вайна закончылася, і будавалі планы на будучыню, – Соф’я Фёдараўна зноў не стрымлівае слёз.

У Гродна сям’я натрапіла на марадзёраў ці бандэраўцаў, якія ўсё забралі, – коней,адзенне, прадукты, дакументы…

– Здавалася, мы ніколі не трапім ужо на радзіму… Але дзякуй Богу, дабралі-ся, – расказвае жанчына, – хоць і на папялішча. Прыюцілі родзічы. Хутка вярнуўся і бацька. Мы сустрэлі яго, калі вярталіся з царквы. Маці кажа на мяне: «Глядзі, дачушка, здаецца, гэта бацька насустрач ідзе». Жылі некаторы час у зямлянцы. Прачынаешся раніцай, а каля тваіх ног клубок… вужоў. Але што гэтыя гады супраць фашыстаў…

На Кобрыншчыну Соф’я Вецэль трапіла ў 1991 годзе. Запрасіла сястра Ніна, якая даўно ўжо жыла ў вёсцы Лука. Соф’я Фёдараўна на той час ужо была ўдавой з двума дзецьмі – сынам і дачкой.Жанчына дзякуе мясцовым уладам, якія дапамаглі ўстанавіць, што яна з’яўляецца малалетнім вязнем – зрабілі самі спецыяльныя запыты ў розныя інстанцыі, дзе ўсё пацвердзілася.

– Гаспадаркі ўжо не трымаю – старая, сіл няма. Дзеці далёка жывуць. А вось вышываць яшчэ магу. Чакаю, калі ўнукі прыедуць, – іх у мяне 6 і праўнукаў таксама 6, – дзеліцца Соф’я Вецэль. – Шкада, што з васьмі братоў і сясцёр, толькі малодшы Анатоль жывы. І я… Адкуль толькі сілы хапіла перанесці ваеннае ліхалецце. Напэўна, так трэба было, каб іншым расказаць…

Алена БАКУН.Фота: Алена Бакун

Поделиться в соцсетях:


Последние новости