Таісія ШУСЦІЦКАЯ: “Вышыванне – мая аддушына”
Вышыванне Таісія Шусціцкая з вёскі Худлін асвоіла ў падлеткавым узросце. Неяк раптоўна нарадзілася ў яе юнай душы цікавасць да рукадзелля. Майстрыхай на ўсе рукі была мама Таісіі – Марыя Валасевіч, вядомая на ўвесь Худлін сваімі вышыўкамі і вязаннем. Постаць мамы, якая схілілася над рукадзеллем, – адзін з самых цёплых успамінаў, якія захаваліся ў памяці нашай гераіні за 75 гадоў жыцця.
Маміны ўрокі вышывання праходзілі для юнай Таісіі на адным дыханні, і неўпрыкмет для сябе самой дзяўчына стала маме паўнавартасным суаўтарам карціны “Алёнушка”.Пакарыўшы сабе чароўную іголку ў вышыўцы гладдзю, Таісія пачала самаўдасканальвацца. Самастойна асвоіла вышыванне крыжыкам і … згубіла меру часу. Першай работай, выкананай у гэтай тэхніцы, была карціна, на якой юная майстрыха адлюстравала беларускую прыроду ва ўсёй яе красе. Шывок за шыўком – і рукой вышывальшчыцы ствараліся вобразы казачных персанажаў, гістрычных асоб, прадметы акружэння. Вышытыя “шэдэўры” прадстаўляліся карцінамі, шторамі, вышыванкамі, ручнікамі, пакрываламі.Вышывала Таісія Васільеўна нават па начах, прыходзячы з работы з Гарадзецкага сельскага клуба, дзе працавала кінамеханікам. Сколькі работ выйшла з-пад рук вышывальшчыцы, яна не ведае і сама. Вышыўка была для яе сэнсам жыцця, сродкам заспакаення, аддушынай.
Ва ўтульнай хаце жанчыны, накідкамі, якія выкананы ў тэхніцы дывановай вышыўкі, засцелены канапа і крэслы. Як высветлілася, гэтае эксклюзіўнае рукадзелле наша гераіня асвоіла, маючы на руках дваіх дзяцей – сына Сяргея і дачку Інэсу, якіх па волі лёсу (у 29 гадоў яна засталася ўдавой) давялося “падымаць” самой. У гэтай тэхніцы жанчына стварыла ажно сем дываноў, некаторыя з якіх з яе лёгкай рукі распаўсюдзіліся па родных і блізкіх.Што датычыцца выставачнай работы, яе майстрыха вяла ў асноўным па чужой ініцыятыве – па просьбе арганізатараў на днях вёскі ці творчых вечарынах.Зараз Таісія Шусціцкая практычна не вышывае. “Рух ужо не той”, - з сумам заўважае жанчына. Толькі вось у яе хаце на самым бачным месцы па-ранейшаму захоўваецца скарбонка для рукадзелля, у якой па-гаспадарску раскладзены неабходныя для вышыўкі прылады. Думаецца, вышывальныя атрыбуты ненадоўга спынілі сваю работу: у нашай гераіні падрастаюць унукі і праўнукі.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКУ: Таісія Шусціцкая.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: