Вы калі-небудзь спрабавалі зайсці ў школу напрыканцы жніўня? У гэтую пару, калі лета яшчэ не скончылася, а новы вучэбны год не распачаўся, любы школьны будынак, здаецца, напаўняецца нейкай загадкавай атмасферай чакання. Усё, што патрэбна, ужо падфарбавана і падклеена, на тэрыторыі наведзены парадак, на кветніках – ніводнай непатрэбнай травінкі… І цішыня – якая звычайна бывае ў школе толькі ў час урокаў.
Навасёлкаўская школа, куды мы днямі зазірнулі, таксама чакае сваіх вучняў. За лета сіламі калектыву школу паднавілі – як гэта робіцца кожны год. Значны аб’ём работ тут быў праведзены ў 2009 годзе, зараз галоўнай задачай з’яўляецца захаваць і памножыць набытае.- За лета ўласнымі сіламі ў нашай школе быў выкананы бягучы рамонт некаторых кабінетаў, калідораў, спартыўнай залы, - расказвае дырэктар школы Святлана Шаўцова. – Хацелася б адзначыць, што ўклад у рамонт унеслі і бацькі, і самі вучні, якія таксама прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы сваёй навучальнай установы.Дарэчы, школьнікі прыходзілі ў школу на канікулах не проста так, а ў рамках часовай працоўнай занятасці, якая была арганізавана тут сумесна з цэнтрам занятасці насельніцтва. Як адзначыла Святлана Шаўцова, перш за ўсё магчымасць правесці час такім чынам была прапанавана дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Аб сваіх уражаннях нам расказала вучаніца Дар’я Альшэўская:- Працавалі мы на канікулах 10 дзён, з ранку і да абеда. У асноўным – дапамагалі ў рамонце школьных памяшканняў, даглядалі кветнікі і зялёныя насаджэнні, наводзілі парадак на тэрыторыі. А пасля работы яшчэ і атрымалі грошы – у мяне “набегла” каля 400 тысяч. Лічу, што такая занятасць – гэта выдатная магчымасць сумясціць прыемнае з карысным.Не засталася ўбаку і традыцыйная для Навасёлкаўскай школы сфера добраўпарадкавання, якая ўжо стала своеасаблівай візітнай карткай гэтай навучальнай установы. Дарэчы, за свае дасягненні ў гэтым плане школа штогод займае прызавыя месцы на конкурсах самага разнастайнага ўзроўню – ад раённага да рэспубліканскага. Вось і зараз агульнымі намаганнямі супрацоўнікаў школы і вучняў былі абноўлены элементы ландшафтнага дызайну, дагледжана зона адпачынку, якая таксама знаходзіцца на тэрыторыі школы, прыведзены ў парадак кветнікі. Як адзначыла Святлана Шаўцова, уся гэтая прыгажосць нясе на сабе не толькі эстэтычную, але і выхаваўчую функцыю – дзеці на самой справе прызвычайваюцца цаніць і захоўваць тое, у што ўкладзена іх уласная праца.Увогуле, ад самых варот да апошняга кабінета ў школе адчуваецца нейкая святочная ўрачыстаць. І, мабыць, справа тут не толькі ў Дні ведаў, які імкліва набліжаецца. Сёлета, а калі быць больш дакладным, 10 кастрычніка, Навасёлкаўская школа адзначыць свой 45-гадовы юбілей. Але гэта ўжо – зусім іншая гісторыя, да якой мы, без сумненняў, яшчэ вернемся на старонках нашай газеты.Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: