Сёлета былы старшыня Кобрынскай РАС ДТСААФ Іван Катовіч адзначыць свой сямідзясяты дзень нараджэння. Ён з задавальненнем успамінае трыццаць тры гады сваёй дзейнасці на пасадзе кіраўніка абароннага таварыства. Як сведчыць Іван Віктаравіч, гэты значны адрэзак часу ён ніколі не лічыў дарэмна пражытымі “шэрымі” буднямі. Кожны дзень у ДТСААФ – гэта перш за ўсё творчая, плённая і шматгранная праца з людзьмі, якая патрабавала максімум самааддачы. І менавіта таму ў Катовіча практычна ніколі не было выхадных дзён.
Нельга было не заўважыць, з якім выдатным настроем Іван Віктаравіч выкладаў юнакам і дзяўчатам карысныя дысцыпліны, як старанна, па-бацькоўску будаваў свае адносіны з імі. Магчыма, у гэтыя хвіліны ён успамінаў сваё дзяцінства.
Іван нарадзіўся ў г. Катоўску Адэскай вобласці ў сям’і рабочых. Бацька ўсё сваё сумленнае жыццё працаваў майстрам у лакаматыўным дэпо, а ў вольны час перадаваў свае веды сыну. З шаснаццаці гадоў Іван Катовіч працаваў на вытворчасці, атрымаў другі разрад токара. Потым яго прызвалі ў армію і накіравалі ў Кобрын, у падраздзяленне ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Пасля заканчэння службы пайшоў працаваць у Кобрынскую сельгастэхніку. Праз некалькі гадоў уладкаваўся на мясцовае прадпрыемства меліярацыйных сістэм зваршчыкам-вадзіцелем.
- Тэхніка стала для мяне крыніцай натхнення, сэнсам жыцця. Магчыма, таму ў пачатку сямідзясятых гадоў стаў членам спартыўна-тэхнічнага клуба ДТСААФ, працаваў там на грамадскіх пачатках майстрам, а ў лістападзе 1974 года мне прапанавалі ўзначаліць гэтую структуру, - успамінае Іван Віктаравіч.
ДТСААФ у тыя часы знаходзілася побач з цяперашнім стадыёнам “Юнацтва”, дзе налічвалася некалькі легкавых аўтамабіляў “Масквіч” і грузавік ГАЗ-51. Першае, на што зрабіў стаўку новы кіраўнік, – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і актывізацыя дзейнасці арганізацыі. На Кобрыншчыне былі створаны “пярвічкі” ДТСААФ.
У Кобрыне намаганнямі актыву абароннага таварыства быў рэканструяваны цір, у якім займаліся стралковым спортам мясцовыя юнакі і дзяўчаты. У часы Савецкага Саюза Іван Катовіч быў ініцыятарам правядзення на Кобрыншчыне патрыятычных эстафет, да якіх з задавальненнем далучаліся ў тым ліку і прадстаўнікі з іншых раёнаў Брэстчыны. Удзельнікі на матацыклах пераадольвалі за некалькі дзён доўгія дыстанцыі. У працэсе гэтага маршу было неабходна прадэманстраваць навыкі арыентавання на мясцовасці, узровень падрыхтоўкі па ваенна-прыкладных дысцыплінах. Матацыклетны спорт у Кобрынскім ДТСААФ заўсёды развіваўся дынамічна.
З 1978 года на Кобрыншчыне пад эгідай абароннага таварыства пачалося правядзенне раённых аўтапрабегаў па месцах баявой славы. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, моладзь, грамадскасць актыўна падтрымалі гэтую ініцыятыву. І да гэтай пары кожны год у маі доўгі картэж з матацыклістаў і аўтамабілістаў са сцягамі Рэспублікі Беларусь і ДТСААФ працягвае добрую традыцыю.
З распадам Савецкага Саюза ў беларускім грамадстве адбыліся кардынальныя пераўтварэнні. Тым не менш, галоўныя задачы ДТСААФ засталіся нязменнымі – падрыхтоўка насельніцтва да абароны сваёй Радзімы, развіццё тэхнічных і ваенна-прыкладных відаў спорту, садзейнічанне патрыятычнаму выхаванню грамадзян.
Івану Катовічу ўдалося не толькі захаваць, але і значна абнавіць і прымножыць тэхнічны патэнцыял ДТСААФ, падрыхтаваць выдатных спартсменаў. Рэгулярна абароннае таварыства станавілася ініцыятарам правядзення мотакросаў, спаборніцтваў з удзелам картынгістаў, на якія з’язджаліся ўдзельнікі з розных куткоў краіны. Чэмпіянаты па мотакросе традыцыйна праводзіліся каля ракі Мухавец, на трасе, якую дапамагалі ствараць шматлікія арганізацыі Кобрыншчыны, а таксама былыя выхаванцы ДТСААФ - Уладзімір Рэват, Алег Шамаценка, Якаў Фрыдліндэр і многія іншыя. Яны, дарэчы, і зараз не развітваюцца са сваім захапленнем – энтузіясты шукаюць аднадумцаў у маладзёжным асяроддзі і пры падтрымцы Кобрынска-Маларыцкай РАС ДТСААФ развіваюць матацыклетны рух.
У адміністрацыйным корпусе і да гэтай пары асвойваюць каштоўныя веды выхаванцы ваенна-патрыятычнага гуртка “Юны вадзіцель”. Менавіта Катовіч упершыню ў краіне быў ініцыятарам гэтага праекта. Іван Віктаравіч добра памятае, як кожны год на пляцоўцы абароннага таварыства, нібыта ў арміі, доўгімі шарэнгамі строіліся юнакі і дзяўчаты ў камуфляжнай форме. У кожнага з іх гарэлі вочы ад асэнсавання таго, што зусім хутка яны, школьнікі, будуць кіраваць аўтамабілем, навучацца выдатна страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, а летам застануцца на тыдзень у ваенна-патрыятычным лагеры, дзе адчуюць ваенны распарадак дня – ранішнюю зарадку, нарады, фізічныя практыкаванні, вывучаць артыкулы армейскага статута, тэарэтычныя і практычныя веды па выкарыстанні сродкаў хімічнай абароны і многае іншае. Яны і іх пераемнікі абавязкова адчуюць, што значыць сапраўднае сяброўства і ўзаемадапамога.
За гады сваёй працы Івану Віктаравічу ўдалося ажыццявіць сваю запаветную мару – адкрыць на базе РАС ДТСААФ парашутна-авіяцыйную секцыю. Дзякуючы цесным дзелавым кантактам Іван Катовіч набыў у прыватных асоб два дэльталёты, запрасіў на работу выкладчыкаў - вопытных лётчыкаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў капітана запасу Пятра Васільева і падпалкоўніка запасу Уладзіміра Астравога. Уладзімір Георгіевіч з захапленнем успамінае гады, калі яны выкладалі асновы парашутнага спорту і авіяцыйныя дысцыпліны школьнікам:
- Ведаеце, мы з Пятром заўсёды адчувалі падтрымку Катовіча. Не памылюся, калі скажу, што пры прыёме ў наш гурток існаваў сапраўдны конкурсны адбор. Лепшыя школьнікі ў час навучання ажыццяўлялі па тры скачкі з парашутам з верталёта і атрымлівалі спартыўны разрад, мелі магчымасць пракаціцца на дэльталёце, вывучалі тэорыю. Самае прыемнае тое, што нашы намаганні далі свой плён. Многія выпускнікі паспяхова паступілі, а потым і закончылі Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і сталі афіцэрамі, як, напрыклад, Міхаіл Гнып, Генадзь Гямбаля, Сяргей Якаўлеў і інш.
Кобрынская РАС ДТСААФ, якой кіраваў Іван Катовіч, неаднаразова прызнавалася лепшай арганізацыяй у вобласці. Вядома, што дапамагалі дасягнуць такога поспеху надзейныя калегі. Іван Віктаравіч таксама ўдзячны і сваім сябрам па жыцці, якія ніколі не пакідалі без увагі, – былым начальніку і галоўнаму інжынеру ПМК-57 Мікалаю Гусейн-задэ і Валянціну Дамброўскаму, намеснікам старшыні Кобрынскага райвыканкама Валерыю Іванюку і Аляксандру Рагачуку, дырэктару КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Анатолю Батуліну і многім іншым.
Аляксандр Рагачук, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста, цёпла адзываецца наконт сяброўства і дзелавога супрацоўніцтва з Іванам Катовічам:- З прыроднай харызмай лідара гэты добрасумленны чалавек здолеў “запаліць” кобрынскую моладзь сваім імпэтам, прапанаваць ёй годную альтэрнатыву шкодным звычкам і іншым асацыяльным з’явам.
Валянцін Дамброўскі, дырэктар ЗАТ “Інтэрбудсэрвіс”:- Іван Віктаравіч - мой добры сябар, яго ведаю шмат гадоў. Можна доўга пералічваць яго добрыя якасці, аднак, напэўна, самая галоўная з усіх – асаблівая бацькоўская любоў да яго юных выхаванцаў, павага, разуменне, імкненне зрабць жыццё юнакоў і дзяўчат насычаным на цікавыя падзеі.
За свае намаганні Іван Віктаравіч быў удастоены многіх узнагарод, сярод якіх - Ганаровая грамата Савета Міністраў БССР. Цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але і на пенсіі неспакойнае сэрца Катовіча не можа роўна біцца без працы. Цяпер Іван Віктаравіч - механік-вадзіцель ва УА “Кобрынскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання”. З задавальненнем ён дапамагае адміністрацыі ўстановы ў выхаванні маладога пакалення. Ветэран працы сведчыць, што ніколі яму не сорамна глядзець у вочы сваім выпускнікам. Яны заўсёды вітаюцца, узгадваюць мінулае, дзякуюць за атрыманыя карысныя веды.
Іван Віктаравіч жадае ўсім маладым людзям здароўя, дабрабыту, любві да сваёй Радзімы, вялікага жадання вучыцца і працаваць. Менавіта гэтыя якасці - “залаты ключ” да любога поспеху.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: