Больш за 20 гадоў 21 лютага многія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусь актыўна падтрымлівае гэтую акцыю, у тым ліку і Кобрыншчына.
Акцыя «Чытаем, спяваем, размаўляем па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кобрыншчыны стала ўжо традыцыйнай, -заўважыла загадчык ДНМУ “Кобрынскі раённы навучальна-метадычны кабінет” Таццяна Петруковіч. - Так, кожны год у гэты дзень у школах праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду роднай мовы: інфармацыйныя гадзіны, флэшмобы, выставы, конкурсы і віктарыны, музычна-тэатралізаваныя вечарыны. Прыемна, што да акцыі актыўна далучаюцца і бацькі, якія ўдзельнічаюць у тым ліку ў напісанні дыктовак па беларускай мове. Вучні наведваюць арганізацыі і прадпрыемствы горада, праводзяць актыўную прапагандысцкую работу з насельніцтвам на вуліцах, у транспарце, у магазінах і бальніцы. У гэтым годзе мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, упершыню прайшлі і ў шэрагу дзіцячых садоў, ва ўстановах дадатковай адукацыі.
Пяцікласнікі спаборнічаюць у конкурсе “Знаўцы роднай мовы”
Старшакласнікі пішуць дыктоўку
У сярэдняй школе №3 г. Кобрына да свята пачалі рыхтавацца загадзя: напярэдадні бацькі васьмікласнікаў на класным сходзе напісалі дыктоўку. І, як адзначыла настаўніца беларускай мовы Ірына Марчук, якая яе праводзіла, дарослыя справіліся з заданнем нядрэнна.У святочны дзень у школе родная мова гучала ўсюды, у тым ліку і праз відэаролік васьмікласніка Савелія Прохарава на тэму малой радзімы, дзе хлопчык расказваў аб сваёй роднай вуліцы Пралетарскай. У снежні мінулага года за гэтую работу Савелій атрымаў перамогу на рэспубліканскім конкурсе юных журналістаў “Ты ў эфіры”.
У фае была арганізавана тэматычная выстава беларускіх лялек.
Адчыняем дзверы ў кабінет беларускай мовы – тут вучні старэйшых класаў пішуць дыктоўку ў рамках конкурсу “Папацей – грамацей-2020”. Тэкст даволі складаны, але на тварах дзяцей пануе ўпэўненасць.
У суседнім кабінеце - тэматычная гульня. Пяцікласнікі, падзяліўшыся на тры каманды, спаборнічаюць у конкурсе “Знаўцы роднай мовы”.
Як адзначыў дырэктар школы Аляксандр Лесік, дзень роднай мовы ва ўстанове заўсёды праходзіць маштабна, і ахоплівае як саміх вучняў, так і іх бацькоў, для якіх у тым ліку арганізуюцца экскурсіі ў толькі што адноўлены музей “Спадчына”.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: