Прогноз погоды
Пн, 21 апреля 2025

Батчынскіх яблыкаў хопіць усім. Салодкая спакуса ў садах ААТ “Батчы”

30/09/2020

Сад ААТ “Батчы” быў закладзены амаль дваццаць гадоў назад. Зараз яго тэрыторыя складае 150 га. Асноўная садавіна – яблыкі, але па некалькі гектараў адведзена пад грушу, алычу, сліву.

Брыгада паляводаў збірае духмяную садавіну

Яблыкаў расце каля 20 гатункаў, з якіх асноўных – шэсць-сем, астатнія, так сказаць, у эксперыменце. Тут жа ёсць і свой гадавальнік, дзе вырошчваюцца саджанцы.

- Кожны гатунак мы вывучаем на працягу пэўнага часу – трэба паглядзець, як пераносіць замаразкі, які таварны выгляд яблыка, як захоўваецца, – расказвае садавод Сяргей Крываблоцкі. – Гатункі ёсць як беларускія, так і замежныя: “Алеся”, “Айдарэд”, “Лігол”, “Чэмпіён” і іншыя.

У дзень нашага візіту ў садзе збіралі яблыкі на продаж у Расію.

- “Паданку” рэалізуем на перапрацоўку на кансерваваагароднінасушыльны камбінат у Маларыту. Частка яблыкаў закладваецца ў сховішча, яны дачакаюцца зімы – і смак іх цалкам раскрыецца. І прадаюцца тады яны лепш, – дадае садавод.

Раннія гатункі пачалі збіраць яшчэ ў жніўні, праца прадоўжыцца да лістапада. Усяго ў чатырох брыгадах з механізатарамі задзейнічана каля 25 чалавек. Адна з брыгад прыязджае на сезонную ўборку са Століншчыны. Штодня жанчыны старанна зрываюць і перакладаюць у драўляныя і картонныя скрыні больш за дваццаць тон смачнай садавіны.

Батчынскія яблыкі, як і саджанцы, можна будзе набыць на асенніх ярмарках. Зараз карысную садавіну смакуюць дзеці ў школах і дзіцячых садах.

Як адзначыў садавод, сёлетнія ўмовы не вельмі спрыяльныя для ўраджаю, і ён будзе меншы за мінулагодні – каля 1200 тон, але работнікі сада ўпэўнены, што батчынскіх яблыкаў хопіць усім.

Людміла ПАШКОВІЧ

Фота аўтара

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу