Для правядзення пашыранага пасяджэння прэзідыума Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” 14 кастрычніка было выбрана не выпадкова. Дзень маці - гэта, па-першае, жаночае свята.
Улічваючы, што 2015 год набліжаецца да свайго завяршэння, у авальнай зале Палаца культуры адбылася невялічкая справаздача аб праведзеных мерапрыемствах, большасць з якіх была накіравана на падтрымку сірот і дзяцей з апякунскіх сем’яў. Старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Лілія Страчук таксама падзялілася планамі на будучыню, свае прапановы выказвалі ўсе жадаючыя. Абмяркоўваліся і іншыя пытанні.
Нягледзячы на звычайнасць рабочай сустрэчы, яна ператварылася ў сапраўдную імпрэзу дзякуючы ўзнагароджанню актыўных членаў арганізацыі і падарункам для ўсіх прысутных, спонсарам якіх была кіраўнік студыі прыгажосці кампаніі “Мэры Кэй” Вольга Мацюхіна. Потым жансавет далучыўся да гледачоў канцэртнай праграмы, якая праходзіла ў вялікай зале Палаца культуры.
Але гэта не стала апошняй кропкай пасяджэння. Працяг чакаў жанчын на аграсядзібе Алы Палікарпук (“Жанчыны года-2014”) “На Зарэчнай вуліцы”, дзе Святлана Лучынская прапанавала ўсім цікавую гутарку на тэму “Гарманічнае развіццё адносін з дзіцём”.
Галоўнай высновай гэтага дня стала пашырэнне дзейнасці БСЖ, каб голас жанчын быў гучным і чутным.
Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКУ: актывісткі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.
Фота аўтара.