Калі слова “агратурызм” у вас асацыіруецца ў першую чаргу з сядзібай, куда можна “забурыцца” на некалькі дзён з вясёлай кампаніяй, дык хочам сказаць: так, вы маеце рацыю. Але толькі ў тым выпадку, калі дзейнасць аграсядзібы толькі й разлічана, што на такія кампаніі. А з усіх паслуг тут можна знайсці лазню, шыкоўныя ложкі, камін ды рэстаран. Мы ж у гэтай рубрыцы хочам знаёміць вас з тымі ўтульнымі месцамі, дзе добра і вольна не толькі для цела, але і для душы. Дзе гаспадары дбаюць аб кожным прыезджым як аб самым дарагім госцю. Дзе кожная дробязь прадумана, а вольны час можна запоўніць цікавымі і разнастайнымі заняткамі. Куды потым сапраўды хочацца вяртацца зноў і зноў, а памяць яшчэ доўга захоўвае шчыры заклік дбайных гаспадароў: “Прыязджайце да нас!”
Тут людзі жывуць няспешна і доўга
Сёння наш маршрут пралягае на аграсядзібу “Купалінка”. Знаходзіцца яна ў вёсцы Кляшчы, у напрамку адразу за вёскай Андронава. Праязджаем крыху па гравійнай дарозе і трапляем у даволі непрыкметную, на першы погляд, вёсачку.
- А вы ведаеце, што Кляшчы – знакамітае месца, якім зацікавіліся нават вучоныя? – прыязна сустракае нас гаспадар аграсядзібы Анатоль Цапук. – Тут спрадвеку не вадзіліся змеі. Калі пачалі высвятляць, аказваецца, гэтае месца – намоленае і святое. Яшчэ яно адметнае тым, што калісьці тут жыў род паноў Шадурскіх, і яшчэ ў той час месца славілася доўгажыхарамі. Самае цікавае, што і сёння ў гэтых мясцінах людзі жывуць да 85 гадоў і даўжэй.
Вось так, купіўшы невялічкі дамок у Кляшчах зусім для іншых мэт, але паглыбіўшыся ў гісторыю наваколля, Анатоль і Наталля Цапук нечакана для сябе прынялі рашэнне ўзвесці тут аграсядзібу. Маючы на мэце ўпарадкаваць, прывесці ў належны парадак само месца, прычым так, каб яно не толькі выбіла сваімі асаблівасцямі прыезджых, але і прыносіла пэўны прыбытак.
Японская фурака пад смак украінскіх клёцак
- Так з маленькай хаткі пайшла ў “рост” наша “Купалінка”, - праводзіць імправізаваную экскурсію па сядзібе Анатоль. – І сёння ў нас тут шмат чаго цікавага. За тры прайшоўшыя гады пабудавалі тры дамы для пражывання, абсталяваўшы іх пад вясковы стыль. Сабралі невялічкі музей прадметаў народнага быту. Можам прапанаваць катанне на конях - як зімой, так і летам. Узвялі таксама лазню. Дарэчы, наша лазня асаблівая…
Асаблівая не толькі традыцыйнай славянскай парыльняй і гарачай каменкай на дровах. Яшчэ тым, што побач ёсць купель, зробленая па прынцыпе японскай фурака – басейна, дзе вада падаграваецца да пэўнай тэмпературы. І рэдка знаходзіцца такі госць, які, наведаўшы сядзібу, адмаўляецца паспытаць гарачай пары і духмянага дубовага венічка лазні. Акунацца потым у халодную ці цёплую купель – гэта ўжо як пажадаецца.
Пасля вось такога гаючага свята для цела – самы час добра налегчы на самыя разнастайныя стравы беларускай ці ўкраінскай кухняў, якія ў меню “Купалінкі” прадстаўлены на любы, самы вытанчаны, смак.
“Купалінка, Купалінка – доўгая ночка…”
- Ну вядома, для маладой пары ночка на нашай сядзібе будзе і доўгай, і чароўнай! – шчыра ўсміхаецца гаспадар. – Для тых гасцей, якім хочацца адпачываць і дыхаць не толькі мясцовым паветрам, мы прапануем разнастайныя паездкі па вядомых мясцінах Брэстчыны. У Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, да Камянецкай Белай вежы, па іншых маршрутах.
І гэта – яшчэ адзін бок дзейнасці аграсядзібы “Купалінка”, якая вабіць сюды турыстаў з самых розных краін і кантынентаў. У мінулым годзе тут пабывалі людзі з 10 краін: Кітая, Злучаных Штатаў, Польшчы, Германіі, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Украіны і іншых. Усе засталіся задаволеныя, ніхто не выказаў ні прэтэнзій, ні заўваг. Паколькі для гаспадароў кожны госць – самы дарагі і жаданы, да кожнага знаходзіцца індывідуальны падыход, з улікам пажаданняў, запытаў, спадзяванняў.
- Яшчэ ў планах - зарыбіць ставок, каб людзі маглі наталіцца сапраўднай жывой рыбалкай, - абмалёўвае блізкую перспектыву Анатоль Цапук. – Пабудавалі невялікую банкетную залу, збіраемся неўбазабве ўзвесці новыя два дамкі для прыезджых. Плануем гэта жа, як і раней, актыўна супрацоўнічаць з садружнасцю кобрынскіх аграсядзіб “Муховэцька кумора”. Карацей, планаў на развіццё хапае.
Што ж, калі гэтыя планы сапраўды скіраваны на тое, каб максімальна забяспечыць выдатны адпачынак усім гасцям “Купалінкі”, каб і далей залучаць замежны капітал у галіну развіцця беларускага агратурызму, – дык застаецца пажадаць шчаслівага і хуткага іх здзяйснення. І разам за гаспадарамі сардэчна запрасіць: “Прыязджайце ў “Купалінку”!
Гасцяваў на аграсядзібе “Купалінка” і зрабіў фота Ігар СІДАРУК.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]