Непаўторны каларыт самабытнасці, подых мінулага, жывая сувязь часу – гэта ўсё пра аграэкасядзібу “Палескія традыцыі”, якая даўно ўжо стала любімым месцам не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Менавіта тут, пад цёплым вераснёвым небам Кобрыншчыны, у вёсачцы Андронава, у межах праекта ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё “Ініцыятыва “Цыкл мерапрыемстваў “Этна-абуджэнне” і ладзілася фальклорная анімацыя для дзяцей “Культуру краю з дзяцінства знаю”, у якой прымалі ўдзел не толькі мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, але і госці. Сярод іх - амаль 30 выхаванцаў Кобрынскай дзіцячай вёскі і навучэнцы СШ № 8 г. Кобрына.Драўляны памост стаў сцэнай для спецыяльных гасцей свята – удзельнікаў узорнага клуба аматараў фальклору Хаціслаўскага Дома культуры Маларыцкага раёна “Вясковая табала”. Канцэртная праграма, з якой выступілі юнакі і дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах, гучала на мясцовым дыялекце. Даспадобы прыйшліся байкі, спевы ды танцы, асабліва кадрыль, што завецца “Хаціслаўскімі прычэпамі”. Да вясёлых танцаў з задавальненнем далучаліся і маленькія, і дарослыя гледачы.- Кожная нацыя, кожны рэгіён павінны зберагаць сваю культуру, - адзначае гаспадыня аграэкасядзібы Ніна Главацкая. – Прыгажосць традыцый вельмі хочацца паказаць нашым дзецям, бо яны - гэта цудоўны сасуд, які сёння мы хочам хоць на крышачку, але запоўніць нашай прыгожай традыцыйнай культурай. Хочацца зрабіць такое свята, каб дзеці адчулі нашу культуру з дзяцінства.А яшчэ Ніна Главацкая выступіла з прапановай зрабіць 4 “Б” клас СШ № 8 г. Кобрына з фальклорным ухілам. Чацвёртакласнікі, сярод якіх і яе ўнучка, ужо не раз наведвалі сядзібу з экскурсіяй, іх цікавасць да традыцыйнай культуры - шчырая і непадробная.Дарэчы, Ніна Главацкая расказала і пра тое, якую падтрымку аказвае праект ПРААН, які працуе ў Беларусі. За спонсарскія грошы пашыта 6 дзіцячых і 16 дарослых касцюмаў.Вяртанне ў мінулае, асабліва ў час вышытых ручнікоў ды спаднічак, саматканых кашуль і паясоў, неяк па-асабліваму адгукаецца ў сэрцы кожнага.З пяці гадоў зачараваў фальклор васьмікласніцу Ірыну Жук з Шамятоўкі. У народныя песні закаханая і яе маці Вольга, якая кіруе фальклорным ансамблем у роднай вёсцы. Вольга Жук разам са сваімі прыгажунямі-выхаванкамі таксама завіталі на свята ў Андронава. І паліліся чароўныя гукі іх душэўных спеваў.Фальклорная анімацыя не пакінула абыкавымі. Мерапрыемства спадабалася і маленькім кабрынчанкам - шасцігадовай Кацярынцы і трохгадовай Вікторыі, якія прыехалі на свята разам з мамай Людмілай Дзмітрук. Асабліва ўразілі сястрычак дзяўчаты ў вяночках, да якіх малыя адразу пабеглі фатаграфавацца.Касцюмы маларыцкага і кобрынскага ладаў сапраўды выклікаюць непадробленую зацікаўленасць і захапленне. Напрыклад, хаціслаўскім касцюмам болей за 100 гадоў. Спадніцы, фартушкі, сарочкі, нагавіцы, паясы – усё зроблена доўгімі зімовымі вечарамі прабабулямі юнакоў і дзяўчат, якія сёння з гонарам апранаюцца і беражліва носяць расшытае адзенне, каб потым перадаць яго ўжо сваім дзецям.- У нацыянальным касцюме – душа народа, - сцвярджае прысутнічаўшая на фальклорным свяце намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДСПУА “Кобрынская дзіцячая вёска” Святлана Шчэрбава. – Цудоўна, калі дзіця бачыць, ведае, далучаецца да такой культуры.Цёплае надвор’е нагадвала лета, радасны настрой дарылі спевы, а ногі самі прасіліся танцаваць.Не выклікае ніякіх сумненняў, што спадзяванні Ніны Главацкай, каб дзеці паехалі дадому ў добрым настроі, з незабыўнымі ўражаннямі, павагай і новым успрыманнем традыцыйнай культуры, абавязкова спраўдзяцца.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]Ірына ЛЕСІК.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: