Золата ў руках лепшых
9 чэрвеня чарговы баль медалістаў сабраў у Палацы культуры лепшых выпускнікоў 2018 года Кобрыншчыны. У час урачыстай імпрэзы з рук старшыні Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў 26 вучняў атрымалі залатыя медалі і тры вучні – сярэбраныя, шасцёра з іх прадстаўнікі вясковых школ.
Звяртаючыся да “залатой “ моладзі, Іван Аляксеевіч пажадаў выпускнікам здзяйснення іх запаветных мар, дасягнення вяршынь, якія яны перад сабой паставілі, і выказаў спадзяванне, што ў іх абавязкова ўсё атрымаецца, бо хто, як не яны, вучні, якія на працягу адзінаццаці гадоў не проста спасцігалі веды, але і прымалі актыўны ўдзел у грамадскім і школьным жыцці, наведвалі ўстановы дадатковай адукацыі і спартыўныя секцыі, былі неаднаразовымі пераможцамі розных конкурсаў і алімпіяд, дастойны, аркамя залатых медалёў, яшчэ большых узнагарод . Ён заўважыў, што Кобрыншчына заўсёды будзе рада прыняць ужо дыпламаваных спецыялістаў, калі тыя выкажуць жаданне вярнуцца працаваць на сваю малую радзіму.
Асобнай увагі ўдастоіліся бацькі, у гонар чыіх дзяцей была арганізавана ўрачыстасць і гучалі цёплыя словы віншаванняў, аздобленыя музычнымі і танцавальнымі нумарамі, падрыхтаванымі выхаванцамі творчых калектываў Кобрыншчыны. Уручаныя бацькам пісьмы падзякі ад начальніка аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Галіны Радковіч – гэта толькі маленькая даніна павагі за іх штодзённую працу, за цесную ўзаемасувязь са школай, накіраваную на агульную мэту. Сапраўды, якую б вялікую функцыю ў выхаванні і адукацыі не выконвала школа, галоўны цяжар адказнасці за сваіх дзяцей, за тое, якімі яны вырастуць, які шлях выберуць, выпадае менавіта на плечы бацькоў, і першую ступеньку яны са сваімі выхаванцамі пераадолелі ўпэўнена.
Самі ж віноўнікі балю пасля мерапрыемства не хавалі эмоцый, разумеючы, што ўжо заўтра за імі зачыняцца дзверы дзяцінства, і яны сядуць за парты здаваць чарговыя іспыты ў самастойнае жыццё, дзе не будуць з імі побач настаўнікі, і нават бацькі не заўсёды змогуць працягнуць руку дапамогі, з удзячнасцю згадвалі ўсіх, хто ўклаў у іх крупінку сваіх ведаў і здольнасцяў, сваю любоў і павагу, хто фарміраваў характар - упэўнена глядзець наперад, не баяцца выправанняў, хто выхоўваў патрыятызм і актыўную грамадскую пазіцыю, спяшаліся падзяліцца найбольш яскравымі момантамі са школьнага жыцця. А вось пра свае мары і планы на будучыню гаварылі напаўголасу, быццам баючыся спужаць поспех.
Так, прыйшоў час залатой моладзі , ім зараз вяршыць свой лёс. І як адзначыла залатая медалістка, навучэнка сярэдняй школы № 7 г. Кобрына Вікторыя Царова, апраўдваць ускладзены давер, каб праз гады з гонарам заявіць, што іх першае золата было самай высокай пробы.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: залатая моладзь.
Поделиться в соцсетях: