Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

З ЛЮБОЎЮ ДА РОДНАЙ ЗЯМЛІ

15/01/2020 Год малой родины

Павіццеўскі дзіцячы-сад-сярэдняя школа  – адна з самых аддаленых ад раённага цэнтра  ўстаноў адукацыі.  Аддаленых – калі вымяраць кіламетрамі,  калі ж ацэньваць справамі, актыўнай дзейнасцю настаўнікаў і вучняў у жыцці грамадства, адна з самых прагрэсіўных у раёне.

- У мінулым годзе мы адсвяткавалі прыгожы юбілей - 55 гадоў. Лічба гэтая ўмоўная – столькі гадоў нашаму новаму будынку, а першапачатковыя звесткі пра адукацыйны працэс у вёсцы адносяцца яшчэ да 1905 года, - пачынаючы экскурсію па школе, заўважае дырэктар Аляксандр Радковіч і, прыадчыняючы дзверы ў адзін з пакояў, дзе малыя, занятыя цікавай гульнёй, нават не заўважаюць гасцей, дадае:  - У гэтым навучальным годзе ў нас 159 вучняў і 23 выхаванцы дзіцячага сада.  Калектыў - 50 чалавек,  палова з іх – педагогі.

Мы ідзем па доўгім калідоры, час ад часу зазіраючы ў ціхія ўтульныя кабінеты, якія чакалі сваіх вучняў (на момант нашага візіту дзеці знаходзіліся на канікулах). Усюды пануе  незвычайна цёплая атмасфера. А вось настаўнікам не да адпачынку – самы час для таго, каб перагледзець і скарэктаваць свае вучэбныя і выхаваўчыя планы. Так, гэта іх неабыякавасць, невычарпальная энергія, пастаяннае імкненне да самаўдасканалення і жаданне бачыць сваіх вучняў у ліку лепшых, а таксама прывіць ім адну з галоўных якасцяў - любоў і павагу да малой радзімы, і  ствараюць у школе асаблівую аўру, якая запаланяе сэрца нават старонняга чалавека.

Трапяткімі адносінамі да гісторыі сваёй вёскі і  школы, да былых вучняў, якія пачэснай працай праслаўляюць краіну, да тых, хто даў ім пуцёўку ў жыццё, прасякнуты пакоі краязнаўчага музея, якім загадвае завуч па выхаваўчай рабоце Алена Гусева. Тут беражліва захоўваюцца нямыя сведкі мінулага і сучаснага. Шматлікія ўзнагароды, дабытыя ў рознага роду конкурсах і канферэнцыях гавораць пра тое, што работа па выхаванні годнага грамадзяніна, адукаванага і выхаванага чалавека тут не спыняецца ні на хвіліну.

Аляксандр Рыгоравіч, які працуе на пасадзе дырэктара 13-ты год, у кожнага свайго настаўніка бачыць сваю разынку і стараецца стварыць усе умовы, каб ён раскрыў сябе. Але, як заўважае, без уласнага жадання самога педагога, яго ініцыятыўнасці ніколі не будзе добрых вынікаў.

        Так жаданне да самаўдасканалення прывяло  настаўніка беларускай мовы і літаратуры Наталлю Васільеўну Цецярук  і настаўніка пачатковых класаў Наталлю Іванаўну Цецярук да ўдзелу ў двухгадовым праекце “Настаўнік для Беларусі”, які распачаўся ў 2019 годзе. Педагогі годна прайшлі конкурсны адбор у Мінску і зараз з’яўляюцца актыўнымі слухачамі лекцый, чытанняў, курсаў па павышэнні кваліфікацыі, якія вядуць вопытныя выкладчыкі і перадавыя настаўнікі рэспублікі.

          Як заўважае Аляксандр Рыгоравіч, у будучым да праекта ён хоча далучыць і іншых сваіх настаўнікаў, тым больш, што тыя і самі выказваюць такое жаданне.

Ініцыятывы Наталлі Васільеўны Цецярук увогуле хапае на многае. Разам са сваімі вучнямі яна не раз станавілася дыпламантам раённых, абласных і нават рэспубліканскага этапаў навукова-практычных канферэнцый “Першыя крокі ў навуку”. У мінулым годзе з вучаніцай Аксанай Кузіч заняла 2 месца на абласным этапе ў алімпіядзе па беларускай мове. Партрэт Наталлі Цецярук на Дошцы гонару Кобрыншчыны-2019 “ – прызнанне яе плённай працы кіраўніцтвам раёна.  

І такіх, як Наталля, творчых, ініцыятыўных, якія ідуць наперад і вядуць за сабой сваіх вучняў, праслаўляючы школу ў раёне і рэспубліцы, шмат. Алена Гусева, Зінаіда Канцэвіч, Вольга Цяліпка… Ды і тыя, хто не адзначыўся высокімі ўзнагародамі за межамі школы, кожны раз чуюць у свой адрас шчырыя словы падзякі ад дзяцей і іх бацькоў, ад адміністрацыі, бо паказчык іх штодзённай працы – выпускнікі, якія знайшлі сваё годнае месца ў жыцці.

Вы спытаеце, дзе ж настаўнікі шукаць вытокі той жыватворнай крыніцы, якая наталяе іх энергіяй  і не дае згарэць? Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Жук, якая з сярэбраным медалём закончыла ў свой час Павіццеўскую сярэднюю школу і з дыпломам выдатніка вярнулася ў родныя сцены, каб падхапіць сямейную дынастыю педагогаў у трэцім пакаленні, у першую чаргу  - у любві да роднай зямлі, да сваёй малой радзімы, бо большасць членаў калектыву, як і яна, так ці інакш маюць прамое дачыненне да вёскі Павіцце.

Алена БАКУН.

 

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости