Вт, 25 марта 2025
Прогноз погоды

Усё для жывёл

22/11/2021 Разное

Браты нашы меншыя – так людзі часта гавораць пра жывёл, у тым ліку і пра хатніх гадаванцаў – катоў і сабак. Праўда, некаторыя зусім не згодны ставіць сябе ў адзін рад з жывёламі, абураючыся, маўляў, не брат я ім. Што ж… Гэта іх справа, ды і не пра тое зараз я.

Нядаўна ў нас здарылася няшчасце: хатні гадаванец Ціма праз свой свавольны характар трапіў пад нашу ж машыну. Убачыўшы гэта, я разгубілася: страшна, калі ў цябе на вачах памірае твой блізкі, нават калі гэты блізкі – кот. У мужа была іншая рэакцыя: ён падхапіў Ціму на рукі, хацеў, каб у апошнія хвіліны жыцця кот адчуваў, што яго любяць.Некаторы час мы моўчкі стаялі… Я ў душы вінаваціла сябе за непрадбачанасць, што прымусіла нас на ноч гледзячы ехаць у магазін па неабходныя для прыгатавання шакаладнай каўбасы прадукты. Вінаваціў сябе і муж.

І вось, калі мы ўжо цалкам аддаліся свайму гору, гледзячы на абмяклае цела Цімы, ён заварушыўся. Кволая надзея зацяплілася ў нас, калі ён адкрыў вочы. Яму неадкладна патрэбна была дапамога ветэрынара. Але дзе яе шукаць, ноч на дварэ?

Нервова гар- таю тэлефонны даведнік, муж робіць пошук у інтэрнэце. І вось запаветныя нумары на руках. Адзін гудок, два, тры… Ціма ляжыць на канапе, уся галава ў крыві. Дапамога так патрэбна, а тэлефоны маўчаць. Што рабіць? Мы з мужам сталі тэлефанаваць па сваіх кантактах: многія нашы сябры маюць хатніх гадаванцаў. Нам выказвалі спачуванні, давалі нумары ветэрынараў. Але тэлефоны маўчалі. «Наўрад ці хто здыме трубку, – заўважыў адзін мой таварыш. – Нерабочы час, у іх свой клопат». «Як жа так, ветэрынар – гэта ж доктар, толькі для жывёл, а ў хваробы няма выхадных», – у роспачы думала я.

Як сапраўдны доктар ставіцца да сваіх чатырохногіх пацыентаў гаспадар ветэрынарнай клінікі «Усё для жывёл» Уладзімір Паўзун. Прадстаўнік сямейнай дынастыі ветэрынараў разумеў, чым можа скончыцца прамаруджванне, і адразу адклікнуўся на нашу просьбу агледзець траўмаванага ката. Пера-лом сківіцы патрабаваў неадкладнага хірургічнага ўмяшання, і доктар прыняўся за аперацыю, нягледзячы на даволі позні час, а было ўжо больш за адзінаццаць вечара.

Зараз наш хатні гадаванец ідзе на папраўку. За гэтым вынікам – многія фактары: лячэнне ў Брэсцкай гарадской ветэрынарнай станцыі, штодзённы клопат мужа па доглядзе за Цімам, але ў першую чаргу гэта заслуга Уладзіміра Міхайлавіча. Яго ветэрынарная клініка, як і многія іншыя, аказвае шырокі спектр паслуг па лячэнні, дыягностыцы і прафілактыцы захворванняў хатніх жывёл, на жаль, яна адна з нямногіх, дзе возьмуць тэлефонную трубку нават пасля таго, як скончыцца рабочы дзень…

Людміла ЯРМАЛЮК

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу