Ср, 19 марта 2025
Прогноз погоды

У Божую славу, на радасць людзям

01/12/2017

Гавораць, што кожны храм – гэта Божая прысутнасць на нашай грэшнай зямлі, пуцяводная зорка, якая вядзе людзей да светлых мэт, да чысціні душы, да любві і дабрыні. Гэтую ісціну выдатна пацвердзіла ўрачыстае асвячэнне царквы Святога нараджэння Хрыстова, для якога ў Кобрын прыехаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У таінстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкама, духавенства Брэсцкай епархіі і Кобрынскага раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, беларускае казацтва і праваслаўныя вернікі Кобрыншчыны.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, з кожнай хвілінай людзей станавілася ўсё больш – кабрынчане самых розных узростаў ішлі і ішлі да храма, купалы якога ззялі ў восеньскім небе, нібыта сапраўдныя маякі. Цёплыя ўсмешкі, узаемаразуменне і шчырая радасць, якая ззяла ў вачах прыхаджан, сталі лепшым доказам таго, што завяршэнне будоўлі стала выдатным падарункам для кабрынчан.

- Асвячэнне храма - значная падзея ў жыцці нашай Святой Царквы, епархіі і Кобрынскага благачыння, - адзначыў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. – Храмы настаўляюць чалавека, падказваюць яму, як знайсці тое месца, да якога ён накіраваны, як знайсці да яго шлях і як весці сябе на гэтым шляху. Храм суправаджае нас ад пачатку і да канца жыцця – тут мы звяртаемся да Бога, каб ён нам дапамагаў. Сёння мы ўдзячныя Богу за тое, што ён даў магчымасць пабудаваць гэты храм, і ўсім, хто прыклаў свае сілы для таго, каб храм існаваў.

З нагоды заканчэння будаўніцтва ў час набажэнства архіепіскап Іаан ўручыў настаяцелю царквы Святога нараджэння Хрыстова протаіерэю Мікалаю Лукашыку права на нашэнне крыжа з упрыгожваннямі, а храму перадаў ікону Божай Маці “Сямістрэльная”. Медалямі і граматамі ад праваслаўнай царквы былі ўзнагароджаны і тыя, хто ўнёс свой уклад у будаўніцтва храма. Як справядліва падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, асвячэнне храма стала сапраўдным святам, якое з’яўляецца выдатным прыкладам таго, што сёння на Кобрыншчыне святыні не разбураюцца, а будуюцца, а тая выдатная ініцыятыва, якую прыхаджане праявілі для таго, каб ён існаваў, выклікае павагу да кабрынчан.

Яшчэ адзін храм адкрыў свае дзверы, і можна быць упэўненым, што ён абавязкова стане новым духоўным цэнтрам і крыніцай выратавання для многіх пакаленняў вернікаў Кобрыншчыны.  

Дзмітрый БЯЛОЎ.

ЗДЫМКІ аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу