У гэтыя дні ў Кобрынскім раённым ваенкамаце завяршаецца адбор кандыдатаў на паступленне ў ваенныя навучальныя ўстановы. Паводле інфармацыі ваеннага камісара Кобрынскага РВК палкоўніка Валерыя Пракапюка, асноўная колькасць прэтэндэнтаў прайшла медыцынскую камісію, псіхалагічнае тэсціраванне. Цяпер аналагічны адбор будзе праводзіцца ў Брэсце, дзе маладым людзям патрэбна яшчэ вытрымаць экзамены па фізкультуры. Выдатнае здароўе і высокая фізічная падрыхтоўка - адзін з асноўных крытэрыяў, на якія звяртаецца ўвага пры паступленні ў ваенныя ВНУ.
Прыём дакументаў ажыццяўляецца на падставе заключэнняў ваенкаматаў, а таксама вынікаў адзінага дзяржаўнага тэсціравання па неабходных прадметах. Асноўныя плюсы гэтага адбору ў тым, што ўступныя іспыты ў ваенныя навучальныя ўстановы стартуюць у першую чаргу. Абітурыенты маюць магчымасць у выпадку адмоўнага выніку паспрабаваць свае сілы ў іншых ВНУ.
У мінулым годзе ў Кобрынскі РВК падалі заявы 55 чалавек, якія пажадалі звязаць сваё жыццё з ваеннай справай. Сёлета па стане на 22 сакавіка – 39. Юнакі і дзяўчаты актыўна цікавяцца перспектывамі афіцэрскай кар’еры. Начальнік аддзялення прызыву ваенкамата маёр Алег Андрашчук адзначае, што ўсё больш на ваенныя спецыяльнасці падаюць дакументы ў ваенкамат прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Высокі працэнт паступлення ў ВНУ з ваенным профілем сярод выпускнікоў кадэцкіх класаў СШ №4, дзе комплексная падрыхтоўка да армейскіх будняў ажыццяўляецца на высокім узроўні.
Спектр навучальных устаноў, якія прапануюцца на выбар абітурыентам, шырокі. Флагманам у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для арміі з’яўляецца Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. Тут вядзецца навучанне на такіх факультэтах, як агульнавайсковы, супрацьпаветранай абароны, авіяцыі, унутраных і пагранічных войск, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца факультэты кіравання падраздзяленнямі сіл спецыяльных аперацый і ваеннай разведкі. Тэрмін вучобы складае 4-5 гадоў. Навучанне і матэрыяльнае забеспячэнне курсантаў Ваеннай акадэміі бясплатнае. Гэта ВНУ мае ў сваім распараджэнні выдатную вучэбную базу, вопытныя прафесіянальныя кадры і магчымасці для высакаякаснай падрыхтоўкі афіцэраў.
Таксама ажыццяўляе прыём студэнтаў ваенны факультэт БДУ па накірунках – хімія, псіхалогія, геаграфія, міжнародныя зносіны, журналістыка і правазнаўства. Ваенны профіль маюць БНТУ, Белдзяржуніверсітэт транспарту, Белдзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Белдзяржмедуніверсітэт, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я.Купалы, Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж.
Па пытаннях паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы трэба звяртацца да 10 красавіка ў аддзяленне прызыву Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята (кабінет №17) ці тэлефанаваць па нумары 2-26-39. Інфармацыя па гэтай тэме таксама размешчана на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: www.mod.mil.by.
Раман МЕЛЬНІК.
Поделиться в соцсетях: