Хоць на двары яшчэ самы разгар лета, але ўжо сёння варта задумацца аб тым часе, калі спёку зменяць непазбежныя халады. Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона на аб’ектах горада і раёна, расказвае дзяржаўны іспектар па цепланагляду Кобрынскай раённай энергаінспекцыі Павел ЗАГРЭБА.
- Ёсць дакладны графік спыжывання цеплавой энергіі юрыдычнымі асобамі, зацверджаны райвыканкамам і ўзгоднены з іншымі афіцыйнымі службамі, у якім канкрэтна ўстаноўлены тэрміны падрыхтоўкі спажыўцоў да ацяпляльнага сезона. Сёння ў органе нагляду зарэгістравана 199 спажыўцоў цеплавой энергіі і 102 цеплавыя крыніцы. Па стане на 21 ліпеня поўнасцю падрыхтаваліся і атрымалі пашпарт гатоўнасці да асенне-зімовага перыяду толькі 15 спажыўцоў і 17 цеплавых крыніц, што сведчыць аб не надта сур’ёзным стаўленні кіраўнікоў гаспадарак да своечасовай падрыхтоўкі цеплавых аб’ектаў згодна з устаноўленым графікам. Сярод такіх гаспадарак можна назваць маладзёжна-жыллёвыя спажывецкія кааператывы МЖСК-2, “Раніца”, “Калядны”, “Юбілейны”, “Верас-5”, “Ручайка”, “Лугавы”, а таксама Палац культуры і іншыя. Між тым, хацелася б нагадаць, што за несвоечасовую падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона і парушэнне ўстаноўленага графіка прадугледжаны меры адміністрацыйнага ўздзеяння, прычым яны могуць быць даволі сур’ёзнымі.
Таксама на нашым балансе знаходзяцца 230 жылых дамоў і 24 кацельняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з якіх 50% жыллёвага фонду і адпаведна 30% кацельняў поўнасцю падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона, што, несумненна, радуе.
- На што ў першую чаргу звяртае ўвагу ваша служба пры падрыхтоўцы пашпартоў гатоўнасці аб’ектаў да ацяпляльнага сезона?
- На самыя разнастайныя фактары. Але ў першую чаргу сочым за станам цеплавой ізаляцыі, ідуць дзяржаўныя паверкі прыбораў уліку і КІПіА, а таксама праводзяцца вымярэнні і выпрабаванні сістэм электразабеспячэння і сетак. Прызначаюцца адказныя за станам аб’екта, выконваюцца рэвізіі запорна-рэгуляванай арматуры і аўтаматычнага рэгулявання.
- Павел Іосіфавіч, якая ваша ацэнка ў цэлым сітуацыі з падрыхтоўкай да ацяпляльнага сезона ў горадзе і раёне?
- Не скажу, каб надта аптымістычная і здавальняючая. Усе ўладальнікі цеплавых крыніц павінны падрыхтаваць іх і атрымаць пашпарт гатоўнасці да 1 кастрычніка, а ўсе спажыўцы з ліку юрыдычных асоб – да 15 кастрычніка. Магчыма, каму-небудзь здаецца, што яшчэ ёсць час, але варта і паспяшацца. Паколькі і гэты тэрмін не надта вялікі, работы шмат, а фінансы сёння абмежаваныя... Таму вялікая просьба да ўсіх як спажыўцоў цеплавой энергіі, так і ўладальнікаў цеплавых крыніц, каб яны не чакалі восені і пачатку халадоў, а прытрымліваліся тэрмінаў, вызначаных па графіку. Паколькі потым вельмі складана літаральна ледзь не ў адзін дзень праверыць мноства аб’ектаў і выдаць усім пашпарты – магчымасці нашай інспецыі таксама не бязмежныя. Таму вывад толькі адзін: як падрыхтуемся летам, так і сагрэемся ўзімку.
Падрыхтаваў Ігар ФЕДАРОВІЧ.
Поделиться в соцсетях: