Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

Паводка ўсё яшчэ непакоіць

07/03/2011

Сёлетняя паводка стала сур’ёзным выпрабаваннем для многіх, у тым ліку і для Кобрыншчыны. Падняцце грунтовых вод і вялікія ападкі негатыўна паўплывалі на сітуацыю. Тэрыторыі многіх прыватных домаўладанняў грамадзян апынуліся пад слоем вады. Зямельныя ўчасткі жыхароў в. Лягаты таксама не сталі выключэннем. Вынікі нядаўняга выязнога маніторынгу спецыяльнай камісіі, якая працавала па праблеме “высокай вады”, пракаменціраваў нашай газеце намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Майсяюк:

- Падтапленні назіраюцца на частцы вуліцы Цэнтральнай, нягледзячы на тое, што вёска геаграфічна знаходзіцца на адносным узвышшы. Аднак вада не дасягала крытычнага ўзроўню, як, напрыклад, у горадзе па вул. Паўночнай ці Кутузава.  Фактычна жыццядзейнасці грамадзян нічога не пагражае. Талай вадзе, якая разлілася па падвор’ях, няма стоку. Для таго, каб яе адвесці, неабходна зрабіць прачыстку кювета, які цягнецца ўздоўж вёскі,  пакласці туды трубы.

Пазіцыя райвыканкама - аб’яднаць намаганні і ініцыятыву кіраўніцтва Буховіцкага сельвыканкама,  дарожных службаў і непасрэдна насельніцтва, каб у кароткія тэрміны вырашыць праблему. Магчыма, што спатрэбяцца ў тым ліку і сродкі саміх грамадзян, паколькі фінансаванне з бюджэту на такія мэты не прадугледжвалася.

Як паведаміў рэдакцыі “КВ” начальнік РАНС палкоўнік унутранай службы Леанід Панасюк, сёлета  цэнтрам аператыўнага рэагавання  фіксавалася па 20-30 паведамленняў аб падтапленнях кожны дзень. Выратавальнікі сумесна з прадстаўнікамі ЖКГ і іншымі ведамствамі выязджалі на месца, адпампоўвалі ваду там, дзе яна падступала ўжо літаральна да падлогі. Цяпер, адзначае Леанід Данілавіч, сітуацыя паступова нармалізуецца. Аднак капрызы прыроды непрадказальныя. Сіноптыкі сцвярджаюць, што не выключаецца і так званая “другая хваля” падтапленняў. Аляксандр Майсяюк заявіў, што будуць прыняты ўсе меры, каб мінімізаваць іх наступствы, дастаткова. Каардынацыя такіх  мерапрыемстваў на Кобрыншчыне даручана камісіі па надзвычайнай сітуацыі пры райвыканкаме.

Раман МЕЛЬНІК.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу