У мінулую пятніцу наш горад наведала дэлегацыя Гомельскага аблвыканкама для абмену вопытам па развіцці рэальнага сектара эканомікі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у малых і сярэдніх гарадскіх населеных пунктах.
Інфармацыяй аб сацыяльна-эканамічным развіцці Кобрынскага раёна з гасцямі падзялілася намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Ірына Балановіч, якая суправаджала іх у час знаходжання ў нашым горадзе.
Першы візіт дэлегацыя з суседняй вобласці нанесла на СТАА “ВП Палессе”, дзе госці пазнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці цацак, наведалі вытворчыя цэхі і памяшканні, маглі патрымаць у руках навінкі вытворчасці, прыемна былі ўражаны ўмовамі для актыўнага адпачынку работнікаў, а таксама сацыяльным пакетам.
Як заўважыла намеснік старшыні аблвыканкама, начальнік упраўлення прамысловай і навукова-інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Аксана Карніенка, можна па-добраму пазайздросціць тым маштабам, што дасягнула “Палессе”, якое пачынала сваю дзейнасць амаль з нуля. Сёння ж прадпрыемства выходзіць на новыя далягляды, актыўна шукае дадатковыя рынкі збыту, а найноўшыя тэхналогіі дазваляюць яму стварыць якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю.
Другім важным пунктам маршруту гамяльчан было адкрытае акцыянернае таварыства “Прамысловыя сістэмы комінаў” – адно з прадпрыемстваў горада, якое таксама актыўна развіваецца і дзе сёння назапашаны багаты вопыт асваення як новых тэхналогій, так і выпуску шырока запатрабаванай прадукцыі. Гасцей цікавілі тэхналагічныя асаблівасці выпуску металічных комінаў, сакрэты апрацоўкі сыравіны, рэнтабельнасць вытворчасці і нават колькі зарабляюць работнікі.
- Мы вельмі сур’ёзна ставімся да падобных візітаў, - сказаў на развітанне з гасцямі дырэктар прадпрыемства Юрый Крыжаноўскі. – Яны карысныя не толькі ў плане абмену вопытам, не толькі даюць зваротную сувязь, але і служаць для далейшага распаўсюджвання інфармацыі аб нас.
- Сапраўды, - дадаў адзін з гасцей, - прыемна пазнаёміцца з прамысловай структурай, дзе ўлічана літаральна ўсё: ад асаблівасцяў сыравіны, якая прымяняецца, да дастаўкі гатовай прадукцыі заказчыку.
Такія сустрэчы вельмі важныя ў тым плане, што служаць кантрольнымі арыенцірамі, якія дазваляюць актыўным прадпрыемствам адчуць, ці ў правільным яны рухаюцца накірунку, ці максімальна ўсё робіцца ў эканамічна-інавацыйнай сферы – да такой агульнай высновы прыйшлі кобрынскі і гомельскі бакі.
Госцям таксама была прапанавана экскурсія па горадзе, у час якой яны наведалі аквапарк, ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава.
НА ЗДЫМКАХ: гамяльчане знаёмяцца з навінкамі СТАА “ВП Палессе”; у вытворчым цэху ААТ “Прамысловыя сістэмы комінаў”; у ваенна-гістарычным музеі.
Тэкст і фота Ігара СІДАРУКА.
Поделиться в соцсетях: