Пт, 21 марта 2025
Прогноз погоды

Кладуцца кветкі да абеліскаў

12/05/2010

Штогод на Кобрыншчыне пад эгідай райвыканкама, Маларыцка-Кобрынскай МРАС ДТСААФ, райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, ветэранскіх арганізацый праводзяцца раённыя аўтапрабегі па месцах баявой славы. Сёлета гэта мерапрыемства праходзіла 6 мая ў дваццаць першы раз і прысвячалася перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.Доўгая аўтамабільная калона, якую суправаджалі байкеры з нацыянальнымі сцягамі і флагам ДТСААФ, спынілася ля сквера імя Пуганава. Прадстаўнікі выканаўчай улады, маладзёжных аб’яднанняў, грамадскасці сардэчна сустракалі галоўных удзельнікаў аўтапрабегу – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

На гэтым святым месцы адбыўся мітынг. З прывітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.- Мы павінны трымаць раўненне на тых людзей, якія потам і крывёю здабылі мір, прынеслі радасць і свабоду беларускаму народу. Па ўсёй тэрыторыі Кобрынскага раёна ўстаноўлены помнікі і абеліскі, якія служаць напамінам нашчадкам аб тым, што на нашай зямлі жылі, працавалі і абаранялі Айчыну сапраўдныя патрыёты, людзі асобай пробы, - адзначыў Валянцін Васільевіч.Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. А пасля распачаўся ўрачысты прыём у рады ГА “БРПА” і “БРСМ”. Першы сакратар самага масавага маладзёжнага саюза на Кобрыншчыне Людміла Чырун падкрэсліла, што стаць членамі гэтых арганізацый удастойваюцца лепшыя. У ганаровай цырымоніі прынялі ўдзел Валянцін Трубчык і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія з добрымі словамі, віншаваннямі, жыццёвымі парадамі павязвалі чырвона-зялёныя гальштукі – сімвалы надзеі і нястомнасці ў жыццёвым пошуку - новаспечаным піянерам з гімназіі г. Кобрына, уручалі значкі і членскія білеты бээрсээмаўцам.У скверы імя Пуганава пахаваны 177 воінаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання. Былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі.

Паводле пажаданняў ветэранаў, маршрут сёлетняга аўтапрабегу быў спланаваны такім чынам, каб паказаць новыя гарадскія аб’екты, элементы добраўпарадкавання, якія былі створаны ў перыяд падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2009”.Ветэраны наведалі лядовую арэну, з зацікаўленасцю на трыбунах назіралі за хакейным матчам дзвюх юнацкіх каманд. Прагуляліся па набярэжнай і былі прыемна здзіўлены той прыгажосцю, якая стварылася ўсяго за адзін год. Далей картэж аўтамабіляў накіраваўся ў сквер імя Марозава, дзе былі ўскладзены кветкі да абеліска, а потым у аквапарк.- Прыгажун-аквапарк дорыць прыемныя хвіліны ўсім жадаючым, а не нейкаму вузкаму колу людзей, - гаворыць ветэран вайны Рыгор Якаўлевіч Гарбарук. – І мы шчыра радуемся за нашчадкаў, за іх добрыя справы і будучыню.Удзельнікі акцыі з экскурсіяй наведалі гарадскі Палац культуры, парк імя А. В. Суворава, амфітэатр і таксама адзначылі адзначылі, што гэтыя месцы змяніліся да непазнавальнасці.

Наступны пункт аўтапрабегу - в. Пескі, дзе моладзь усклала вянкі ля помніка воінам і партызанам, загінуўшым у годы вайны. А ў в. Пескі-2 ля абеліска загінуўшым воінам, партызанам і мірным жыхарам калгаса “21 з’езд КПСС” адбыўся жалобны мітынг, прысвечаны 65-й гадавіне Вялікай Перамогі. У ім прынялі ўдзел старшыня Хідрынскага сельвыканкама Міхаіл Максімовіч, старшыня ААТ “Вербнае” Уладзімір Лозюк, грамадскасць і навучэнцы мясцовай школы. Пасля хвіліны маўчання тут таксама адбылося ўшанаванне памяці землякоў.Раман МЕЛЬНІК.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу