Лепшая візітка – усмешка

Рэжысёр гарадскога Палаца культуры Алег Каўбасюк з’яўляецца пастаянным вядучым многіх культурна-масавых мерапрыемстваў нашага горада. Але, як высветлілася, гэта толькі маленькая частка ўсёй прафесійнай творчай дзейнасці, якой ён займаецца.

Алег нарадзіўся ў Камянцы. Яшчэ са школы ўсур’ёз захапляўся традыцыямі клуба вясёлых і знаходлівых. Сам пачаў прыдумваць прыколы і жарты, з якіх смяяліся спачатку яго аднакласнікі, а потым і дарослыя. Упершыню творчыя здольнасці праявіліся ў хлопца ў той момант, калі ён самастойна арганізаваў сяброўскую гульню КВЗ паміж камандамі свайго горада.

Цікава, што ў юнацтве Алег Каўбасюк нават і не думаў, што мастацтва стане не проста захапленнем для душы, а справай усяго жыцця. Хлопец усур’ёз займаўся спортам і нават паспеў атрымаць званне кандыдата ў майстры па лёгкай атлетыцы. Дасведчаныя людзі гаварылі, што ў гэтай справе юнаку пашанцуе. Лёс распарадзіўся інакш. Раптоўна ад фізічных нагрузак арганізм пачаў даваць збоі, вердыкт урачоў быў несуцяшальным: развітацца са спортам.

Жыццёвы выбар Алега стаў поўнай нечаканасцю для родных і сяброў – паспрабаваць сябе ў рэжысуры і акцёрскім мастацтве. У вернасці свайго выбару малады чалавек поўнасцю пераканаўся, калі вучыўся ўжо на апошнім курсе Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Перспектыўнага выпускніка навучальнай установы адразу ж прыкмецілі супрацоўнікі Гродзенскага абласнога радыё і запрасілі яго на работу ў якасці дзі-джэя. Аднак, паводле ўмоў навучання ў каледжы, трэба было перш-наперш адпрацаваць па размеркаванні. І Алега накіравалі ў Кобрын, дзе ён працаўладкаваўся ў гарадскі Дом культуры на пасаду рэжысёра. Даўняе захапленне гульнямі КВЗ дазволіла хутка “акліматызавацца” на новым месцы, паколькі Кобрынскі клуб весёлых і знаходлівых у той час якраз бурна развіваўся. Кіраўнікі вядомай далёка за межамі нашага горада каманды кавэзэшнікаў СШ №2 “У дзесятачку” Наталля Туманава і Галіна Іванюк адразу ж знайшлі агульную мову з Алегам Каўбасюком і прынялі яго да сябе ў якасці іграка. Цяпер “У дзесятачку” гуляе ў прэм’ер-лізе ў КВЗ у Мінску, касцяк якой складаецца з кабрынчан.

З нядаўняга часу малады супрацоўнік вядзе ў РЦДТ гурток КВЗ, і па апошніх гульнях раённай лігі бачна, што ў лепшы бок змяніліся канцэпцыя і стыль гульняў. А яшчэ Алег – дыктар на Кобрынскім тэлебачанні, здымаецца ў рэкламе.

Летась з пэўным поспехам малады спецыяліст прымаў удзел у стварэнні і рэалізацыі ў гарадскім Палацы культуры шэрагу цікавых праектаў. Адзін з іх меў назву “Залатое прызванне-2009”, дзе ў шасці намінацыях была дадзена магчымасць праявіць свае здольнасці і таленты творчым калектывам Кобрыншчыны. У бліжэйшых планах на будучыню – заняцца пастаноўкай класічнага мюзікла.

Алег Каўбасюк шчыра ўдзячны начальніку аддзела культуры райвыканкама Надзеі Жук і дырэктару Кобрынскага Палаца культуры Валянціне Пакалюк за ўсебаковую падтрымку, якая так неабходная пры напружаным працоўным графіку.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: рэжысёр гарадскога Палаца культуры Алег Каўбасюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *