Год якасці Кобрынскі хлеб – экстра-клас!

Міні-экскурс па гарадскіх гандлёвых павільёнах і магазінах у святочныя дні ў чарговы раз стаў доказам прыемнага факта – пакупнікі з вялікім задавальненнем набываюць хлебабулачную і кандытарскую прадукцыю вытворчасці філіяла РУП “Брэстхлебпрам” “Кобрынскі хлебазавод”. Удвая прыемна бачыць знаёмыя тавары і на паліцах брэсцкіх, маларыцкіх, пружанскіх і нават сталічных магазінаў. І гэта пры тым, што на так званым хлебным рынку існуе жорсткая канкурэнцыя як дзяржаўных, так і прыватных вытворцаў.

Пастаяннае, дынамічнае развіццё з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у палітыцы развіцця вытворчасці Кобрынскага хлебазавода. Сакрэт зладжанай і рытмічнай работы – укараненне на прадпрыемстве міжнароднай сістэмы менеджменту якасці ІСО 9001, якая рэгулюе ўсе найважнейшыя аспекты дзейнасці хлебазавода, дазваляе падтрымліваць належную ступень дысцыпліны ў працоўным калектыве.

У працэсе размовы з загадчыкам вытворча-тэхналагічнай лабараторыі прадпрыемства Надзеяй Качановіч у поле зроку трапіла ўнушальных памераў сцяна, якую ўпрыгожвалі дзесяткі дыпломаў самых розных ступеняў, з выстаў як рэгіянальнага, так і міжнароднага маштабаў. Штогод мясцовы хлебазавод прымае ўдзел у прэстыжным конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Традыцыйна прадстаўнікі Кобрыншчыны прывозяць на радзіму дыпломы самых высокіх ступеняў. Не выключэннем стаў і 2009-ы год. Пернікі “Праметэй” атрымалі выдатную адзнаку журы. У пяты раз запар на рэспубліканскім конкурсе “Ласунак-2009” кобрынскі хлебазавод прапанаваў увазе судзейскай калегіі і шматлікіх наведвальніках мерапрыемства тварожны торт “Магія раніцы”. Дарэчы, высакаякасная сыравіна для напаўняльніка гэтага цудоўнага прыгажуна была прадастаўлена Кобрынскім масласырзаводам. У выніку торт удастоіўся залатога медаля і авацый на дэгустацыі.

Група спецыялістаў, пераважна са звяна менеджэраў, рэгулярна адпраўляецца ў замежныя камандзіроўкі для прэзентацыі тавараў Кобрынскага хлебазавода. Галандыя, Германія, Польшча і іншыя краіны нават з іх узроўнем тэхналагічнага прагрэсу, першакласным кадравым патэнцыялам да гэтай пары не разумеюць, якім чынам кабрынчане выпускаюць такі смачны і, што немалаважна, экалагічна чысты і здаровы прадукт.

У “святая святых” кобрынскага хлебазавода – вытворча-тэхнічнай лабараторыі – супрацоўнікі пацвярджаюць: кожны тавар ці сыравіна, якія паступаюць да іх на даследаванне, трымае высокую планку якасці. На сённяшні дзень асартыментны пералік складаецца з 15 найменняў хлеба і 30 найменняў булачных вырабаў. Паводле слоў дырэктара хлебазавода Аляксандра Хамука, акцэнт робіцца не толькі на якасць прадукцыі. Улічваюцца ўсе густы і патрабаванні спажыўцоў.

Немалаважную ролю ў пашырэнні асартыменту адыгрывае так званая група тавараў функцыянальнага прызначэння, якія ўтрымліваюць у сваім складзе бэта-карацін, групу вітамінаў В, вітамінна-мінеральныя прэміксы і інш. Шырокай папулярнасцю карыстаюцца ў аматараў здаровай ежы дыябетычныя хлябы, якія не ўтрымліваюць цукру (“Прыгожы”, “Здаравяк”), а таксама торт, які цалкам прыгатаваны на фруктозе. Хлеб “Пшанічна-крупяны” складаецца ажно з 8 найменняў зерня і круп, які па праву заваяваў папулярнасць у шырокага кола пакупнікоў.

Канчатковыя вынікі работы 2009 года яшчэ поўнасцю не падведзены. Тым не менш, эканамісты сведчаць, што прадпрыемства працуе рэнтабельна. Па стане на 1 снежня мінулага года было рэалізавана 6592 тоны хлебабулачнай прадукцыі і 115 тон кандытарскіх вырабаў.

У навагоднія і калядныя святы, на шматлікіх прэзентацыях, у паўсядзённым жыцці мы бачым плён работы руплівых і творчых працаўнікоў, якія дораць кожнаму з нас цудоўны хлеб і выпечку.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: стэнд Кобрынскага хлебазавода ў час выставы ў гарадскім Палацы культуры; хімік-аналітык прадпрыемства Ларыса Цвяткова правярае якасць прадукцыі ў лабараторных умовах.

Год якасці Кобрынскі хлеб – экстра-клас!: 1 комментарий

  • 18/01/2011 в 1:10
    Permalink

    Всем рекомендую попробовать торт Императрица. Ну очень вкусный. Продается только в магазине хлебозавода, больше нигде не смог найти.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *