Зімовыя сюрпрызы Пешшу па белай цаліне?..
Надвор’е, асабліва ў апошні час, робіць нам нямала сюрпрызаў. Даволі моцныя маразы літаральна за адну ноч змяняюцца плюсавой тэмпературай, завіруха ў лічаныя гадзіны можа ператварыцца ў дождж…
Чарговы “падарунак” з нябёсаў даў аб сабе знаць раніцай 11 студзеня. Вялізныя гурбы снегу і тоўстая белая “коўдра” навокал сталі сур’ёзнай перашкодай не толькі для пешаходаў, але і для аўтамабілістаў. Складаная сітуацыя назіралася ў раёнах шматкватэрных жылых дамоў, дзе ўладальнікі легкавых аўто доўга “буксавалі” ў зімняй “кашы” і па-стаханаўску працавалі рыдлёўкамі. У прыватным сектары – аналагічная карціна. Часта даводзілася бачыць, як вымушана, з-за тоўстага слоя снегу на тратуарах, спяшаючыся па сваіх справах, кабрынчане небяспечна выходзілі на праезныя часткі дарог, каб хутчэй пераадолець складаны шлях.
Неадкладна за адпаведнымі каментарыямі мы звярнуліся да начальніка дарожнага ўчастка КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Анатолія Якімовіча. Ён паведаміў, што на вуліцах горада па стане на 8.00 гадзін 11 студзеня ў кругласутачным рэжыме ў тры змены працавалі 14 адзінак спецыялізаванай снегаўборачнай тэхнікі (грэйдары, трактары “Беларусь”, аўтамабілі “МАЗ”, “Амкадор” і інш.) Паводле слоў Анатолія Леанідавіча, такой колькасці тэхнікі дастаткова, каб расчысціць дарогі і тратуары ў Кобрыне.
Але адна справа меркаванні камунальнікаў, а зусім іншая – рэальная сітуацыя на вуліцах і ў дварах.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.