Каляда, каляда Шчодры вечар, святы вечар!..

Яшчэ да пачатку тэатралізаванага прадстаўлення “Агонь каляднай зоркі” ў фае гарадскога Палаца культуры 7 студзеня разгарнулася цікавая, разнапланавая выстава школ народнай творчасці Кобрынскага раёна, Дзівінскага Дома рамёстваў, ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, аматарскага клуба галерэі “Бона Сфорца”, дзіцячай узорнай студыі “Натхненне”, а таксама таленавітых майстроў горада. Увазе наведвальнікаў былі прапанаваны маляўнічыя карціны, шырокі асартымент сувенірнай прадукцыі, вырабаў з саломкі, бісеру, роспіс па дрэве, макрамэ і інш. Адкрыў выставу ля навагодняй ёлкі каляднымі танцамі і спевамі дзіцячы самадзейны калектыў “Таўкачыкі”.

Асноўнае ж святочнае дзеянне, поўнае чараўніцтва і весялосці, распачалося на галоўнай сцэне. Стварыла і зрэжысіравала гэта мерапрыемства мастацкі кіраўнік Палаца культуры Жана Другак.

Вядомы персанаж народных казак Баба Яга запаліла калядную зорку сваім венікам і папярэдзіла хлопца Янку, што калі ён не адгадае, што такое Каляда, то ніякага свята не будзе. А дапамагалі ў гэтым няпростым выпрабаванні жартаўніцы, якія, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, выконвалі цудоўныя песні. На дапамогу Янку прыйшлі нават галоўныя героі навагодніх святаў – Дзед Мароз са Снягуркай, якія добра павесялілі ўсіх гледачоў. У залу паляцелі паветраныя шарыкі. Унутры іх знаходзіліся запіскі не толькі са святочнымі віншаваннямі, але і з салодкімі сюрпрызамі, якія пад гучныя апладысменты Дзед Мароз уручыў шчаслівым уладальнікам. А яшчэ артысты згулялі ў калядкі з гледачамі.

Так павялося, што ў ноч перад Калядамі маладзіцы звычайна варажылі. І непасрэдна на сцэне адбыўся адзін з гэтых цікавых старажытных абрадаў з шаўковымі стужкамі. Калі завязаць канцы абодвух бакоў стужкі і атрымаецца кола – то тая дзяўчына першая выйдзе замуж. Таксама нашыя продкі цягнулі сена. Хто выцягне доўгую травінку – значыць, далёка замуж выйдзе.

Танцы і меладычныя песні, не толькі народныя, але і з рэпертуару сучаснай эстрады, ліліся ракой. Асабліва даспадобы святочны вечар прыйшоўся, канечне ж, самым маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія шчыра вераць у казку. Пасля заканчэння тэатралізаванага прадстаўлення Дзед Мароз і Снягурка прадоўжылі конкурсы для гасцей, шмат танцавалі і вадзілі карагоды.

Але на гэтым свята не закончылася. На плошчы Леніна каля святочнай ёлкі адбылася музычна-забаўляльная праграма “Свята Ражджаство”, на якую запрасіла ўсіх жадаючых казачная Снежная каралева, ролю яе выконвала рэжысёр аддзела культуры Надзея Кульчынская. Таксама з запамінальнымі нумарамі выступілі эстрадная група “Лета” Астроміцкага цэнтра культуры і вольнага часу і лепшыя салісты Кобрына.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *