Пт, 26 апреля 2024
Прогноз погоды

Ад літаратурных радкоў - да сэрдцаў чытачоў: Кобрыншчына адзначае Міжнародны дзень роднай мовы

21/02/2023

Наша родная мова прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. Каб прывіць чытачам цікавасць і любоў да беларускай мовы, у цэнтральнай раённай бібліятэцы дзейнічае кніжная выстава «Ад літаратурных радкоў - да сэрдцаў чытачоў», якая складаецца з трох раздзелаў.

У першым раздзеле «Сузор’е юбілейных кніг» змешчаны юбілейныя кнігі, якія сёлета адзначаюць знакавыя даты са дня свайго існавання. Самым старым выданнем з’яўляецца «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Паэма напісана 495 гадоў таму. Для наведвальнікаў прадстаўлены  літаратурныя творы «Хам» Элізы Ажэшкі (135 гадоў), «Жалейка» Янкі Купалы (115 гадоў), «Дрыгва» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (105 гадоў), «Новая зямля» Якуба Коласа (100 гадоў) і іншыя.

Другі раздзел выставы «Эталоны мастацкага слова» знаёміць з жыццём і творчасцю пісьменнікаў, якія ўзнагароджаны нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Кніга літаратуразнаўцы Дзяніса Марціновіча «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча» адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай, постаццю Уладзіміра Караткевіча і ўплывам жанчын на творчасць пісьменніка. Прадстаўлены творы лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка: «Росная трава» Уладзіміра Лебедзева, «Яблычны спас» Анатолія Галушкі, «Анёл над Брэстам: вянок санетаў» Георгія Тамашэвіча, «Пушчанскія дзівы» Анатолія і Васіля Дэбіш, «Разламашкі майстра Люфта» Кацярыны Мядзведзевай.

«Новыя аўтары і новыя кнігі» - так завецца трэці раздзел выстаўкі. Прадстаўленыя ў ім матэрыялы пазнаёмяць чытача з новымі, малазнаёмымі, арыгінальнымі і цікавымі творамі, такімі як, «А на беразе тым…» Яўгена Хвалея, «Вершнікі на дарозе» Маргарыты Латышкевіч, «Вандроўнае шчасце» Кастуся Кірыенкі, «Нязваныя госці» Аляксея Якімовіча, «Праўда жыве пасярэдзіне» Уладзіміра Гніламедава.

Цэнтральная раённая бібліятэка запрашае наведаць выставу, выбраць кнігу на роднай мове па душы.

Святлана Пірожык, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі. 

 

Поделиться в соцсетях:


Единый день голосования

Центральная избирательная комиссия Республики Беларусь

Кобринский РОЧС приглашает на службу