Мікалай ШВАЙ: “Менавіта звароты грамадзян часта становяцца прычынай для правядзення праверак”.
Будаўніцтва, зямельныя справы, жыллёвыя і працоўныя адносіны, нязгода з рашэннем суда, незадавальненне работай арганізацый і службаў… Пытанні, звязаныя з гэтымі, здавалася б, зусім рознымі сферамі, гучалі ў ходзе асабістага прыёму, які правёў нядаўна ў райвыканкаме першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Мікалай Швай.
– Калі гаварыць аб задачах нашай арганізацыі, то сярод галоўных з іх я б вылучыў кантроль за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, – расказвае Мікалай Сцяпанавіч. – І, трэба адзначыць, менавіта звароты грамадзян часта становяцца прычынай для правядзення праверак. Але, як бачым па сённяшнім прыёме, спектр пытанняў, з якімі грамадзяне прыходзяць на прыём, значна больш шырокі. Не губляюць актуальнасці і міжсуседскія адносіны, і судовыя справы, і пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем, з якасцю выканання будаўнічых работ, і іншыя. Незалежна ад спецыфікі пытанняў без увагі не застаецца ніхто.
Як адзначыў Мікалай Швай, адносна многіх пытанняў, якія праявіліся падчас прыёму можна сказаць адно – многія з іх маглі быць даўно вырашаны, калі б своечасова трапілі пад пільную ўвагу кампетэнтных арганізацый і службаў. Так, праблемы з якасцю будаўнічых работ павінны вырашацца тымі, хто нясе адказнасць за іх выкананне, адразу, як толькі яны ўзнікаюць. Прамаруджванне недапушчальна.
Нягледзячы на тое, што далёка не ўсе пытанні, якія прагучалі ў ходзе прыёму, уваходзілі ў непасрэдную кампетэнцыю Камітэта дзяржаўнага кантролю, ні адзін зварот не застаўся без увагі – усе яны былі накіраваны для вырашэння ў адпаведныя інстанцыі. Для аператыўнага вырашэння пытанняў на прыём запрашаліся кіраўнікі арганізацый і службаў – у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца вырашэнне той ці іншай праблемы. Тыя грамадзяне, хто па тых ці іншых прычынах не змог задаць сваё пытанне першаму намесніку старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці асабіста, мелі магчымасць зрабіць гэта ў ходзе “прамой тэлефоннай лініі”, якая распачала сваю работу адразу ж пасля прыёму.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.