Участники ресурсных центров из Кобрина и Минска обменялись профессиональным опытом работы.

З моманту свайго адкрыцця ў 2011-м годзе рэсурсны цэнтр, створаны на базе Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў рамках праекта “TOLLAS – да актыўнага жыцця ў любым узросце”, стаў сапраўдным генератарам новых ідэй і форм работы з пажылымі людзьмі. Нядаўна рэсурсны цэнтр сустракаў гасцей – абмяняцца вопытам і новымі ідэямі да нас прыехалі прадстаўнікі аналагічнага цэнтра, створанага на базе Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных сталічных бібліятэк г. Мінска.


– Людзям старэйшага пакалення сёння патрабуюцца паслугі самага шырокага спектра, – адзначыла дырэктар Кобрынскага ТЦСАН Таццяна Бойка. – І спектр гэты далёка не абмяжоўваецца аднымі толькі візітамі сацыяльных работнікаў. Пажылым людзям патрэбна паўнацэннае развіццё, магчымасць праявіць ініцыятыву – і самім зрабіць свой свет больш цікавым і разнастайным.
На працягу “круглага стала” “Арганізацыя сацыяльна-актыўных мерапрыемстваў для пажылых людзей” госці пазнаёміліся з клубамі “Сустрэча” і “Залаты ўзрост”. А потым госці падзяліліся і сваімі сакрэтамі поспеху. У мінскім рэсурсным цэнтры абралі шлях адукацыйных гурткоў шведскага тыпу, у якіх па сутнасці няма кіраўнікоў і кожны чалавек дзеліцца тым, што ён ведае. Аб сваіх уражаннях у канцы сустрэчы расказала Наталля Канашук, загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы г. Мінска і кіраўнік праекта для пажылых “Узрост патрабуе дзеянняў”.
– Галоўная карысць ад такіх сустрэч, як сёння, – тое, што пажылыя людзі пашыраюць кола знаёмстваў і абменьваюцца вопытам – а значыць, знаходзяць новыя цікавыя шляхі да самаўдасканалення. Што ж датычыцца ўражанняў ад кобрынскага рэсурснага цэнтра, то, на мой погляд, застаецца толькі парадавацца за пажылых кабрынчан і за тую энергію, якая дазваляе рэалізоўваць усё тое, што мы сёння ўбачылі.
І сапраўды, гледзячы на агеньчыкі, што зіхацелі ў вачах удзельнікаў сустрэчы, неяк і не ўсведамлялася, што за плячамі гэтых людзей ужо нямала гадоў… Можа, і мае рацыю вядомае выказванне наконт таго, што чалавеку на самой справе столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае? А можа, проста не трэба забываць аб тым, што фарбы свайму жыццю кожны з нас выбірае сам… І перад тым, як у чарговы раз скардзіцца на шэрае неба, трэба проста запытацца ў сябе самога – а што я зрабіў для таго, каб было інакш?
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *