У Кобрыне веласіпеды крадуць нават з пад’ездаў

– Праблема крадзяжоў веласіпедаў па-ранейшаму застаецца вострай, – лічыць намеснік начальніка аддзела аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі Кобрынскага РАУС Аляксандр Вакульчык. – Вось, напрыклад, за мінулы год у горадзе і раёне ўкралі 27 веласіпедаў, з пачатку бягучага года ўжо зафіксавана пяць крадзяжоў.
Асноўная прычына – бестурботнасць саміх гаспадароў. Часта веласіпеды пакідаюць каля будынкаў, магазінаў без спецыяльных замкоў.
– Толькі адзінкавыя выпадкі, калі злодзеі перакусваюць тросікі веласіпедных замкоў. Звычайна ж людзі проста забываюць прывязаць свой веласіпед. Некаторыя разлічваюць, што ідуць у магазін “на хвіліначку”, а за гэтую хвіліначку іх двухколавы сябар ужо знікае, – расказвае Аляксандр Вакульчык. – У вёсках веласіпеды, якія без нагляду пакідаюць дзеці, крадуць са школьных двароў. У горадзе такая ж сітуацыя ў пад’ездах альбо на лесвічных пляцоўках.
Аляксандр Вакульчык заклікае не ствараць спрыяльныя ўмовы для злодзеяў.
– Абавязкова трэба карыстацца спецыяльнымі замкамі. А калі іх няма, то не пакідаць веласіпеды без нагляду. Памятайце, вы самі можаце застрахаваць сваю маёмасць ад крадзяжу, – заключае міліцыянер.
Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *