З выпускнога – у першы клас!

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна жыхарам зарэчнай часткі Кобрына даводзілася вазіць сваіх дзетак у дзіцячыя садкі ў горадзе, што, згадзіцеся, не зусім зручна. Але ў гэтым годзе сітуацыя, нарэшце, змянілася – СШ №4 з простай сярэдняй школы ператварылася ў дзіцячы садок-сярэднюю школу. А зусім нядаўна ў гэтай абноўленай навучальнай установе адбылася ўрачыстая падзея – першы выпуск старэйшай групы дзіцячага садка. Аб сваіх уражаннях расказвае дырэктар дзіцячага садка-сярэдняй школы Алёна ФІГУРЫНА.

– Прынцып дзіцячага садка-сярэдняй школы цудоўна ўплывае на пераемнасць навучання. Так, выпускнікам нашага дзіцячага садка ўжо не трэба прывыкаць да школы, як і педагогам не трэба “з нуля” знаёміцца са сваімі новымі вучнямі. Педагагічны працэс становіцца непарыўным, а значыць, і больш эфектыўным. Гэтыя дзеткі ў нас першыя, таму хваляванняў і сумненняў у свой час было вельмі многа. Але мы крок за крокам набіраемся вопыту ў новай для нас сферы дашкольнай адукацыі і паступова развіваемся. Як адзначыла Алёна Фігурына, у гэтым годзе з выпускам старэйшай групы ў садку вызвалілася 7 месцаў. У той жа час колькасць жадаючых перавышае гэтую лічбу амаль у 10 разоў. Зразумела, што адзіны дзіцячы садок у такім вялікім мікрараёне проста па азначэнні будзе карыстацца вялікай папулярнасцю. Усё гэта падштурхоўвае да пастаяннага пошуку новых шляхоў, падыходаў і варыянтаў дадатковых паслуг. Сярод іх – гібкі графік, калі дзіця знаходзіцца ў садку няпоўны дзень, што можа дапамагчы вырашыць праблему нерэгулярнага наведвання. Разглядаецца таксама магчымасць адкрыцця групы выхаднога дня, аказванне адукацыйных паслуг дома і іншае.

Само выпускное мерапрыемства, трэба адзначыць, пакінула велізарную колькасць пазітыўных эмоцый. Будучыя школьнікі прадэманстравалі сваім бацькам і выхавальнікам мноства талентаў, а сумесная забаўляльная праграма, якую падарылі ўсім прысутным супрацоўнікі дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Кеша”, не пакінула абыякавым нікога.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *